“Кантрольны пакет” належыць не нам?
Шануючы кнігі прадстаўнічага класа, што маюць элітную паліграфію, цудоўны дызайн і глыбокі змест, немалую, а мо і пераважную колькасць патрэбнай мне інфармацыі атрымліваю з выданняў, якія не прэтэндуюць на асаблівую навукападобнасць. Часта, калі часу бракуе, аддаю перавагу не тамам, а брашурам, не манаграфіям, а дайджэстам, не навуковай, а папулярызатарскай літаратуры. Чытанкі, што, пагартаўшы, не шкада забыць у электрычцы, уяўляюцца мне надзвычай важным чыннікам інфармацыйнай прасторы. Яны, мяркуючы па немалых накладах і стабільнай прысутнасці на выдавецкім рынку, ахопліваюць велізарную аўдыторыю. У любым выпадку, ставіцца да іх з пагардай не варта. Мае развагі не датычацца чытва авантурна-скандальнага зместу пра ўсялякія “таямніцы гісторыі” і невытлумачальныя прыродныя з’явы — гэта іншая тэма. Гаворка ж ідзе пра папулярызатарскую літаратуру, што грунтуецца на больш-менш аб’ектыўным асэнсаванні вартай даверу факталогіі. Пра літаратуру з энцыклапедычным, асветніцкім ухілам.