НАВУКОВАЯ КАНЦЭПЦЫЯ ЭКСПАЗІЦЫІ ДЗЯРЖАЎНАГА ЛІТАРАТУРНАГА МУЗЕЯ ЯНКІ КУПАЛЫ
“К” пачынае друкаваць для абмеркавання праект новай навуковай канцэпцыі экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Па словах дырэктара музея Алены Мацевасян, цяперашняя музейная экспазіцыя, створаная яшчэ ў 1976-м і часткова мадэрнізаваная ў апошнія дзесяцігоддзі, адносіцца да тыпу класічных. Хоць яна і не страціла сваёй навуковай і мастацкай вартасці, але наспела неабходнасць стварэння новага фармату, з улікам выкарыстання найноўшых інфармацыйных і інтэрактыўных тэхналогій.
Да таго ж, як патлумачыла Алена Мацевасян, цягам апошніх гадоў знойдзены новыя дакументы, якія хацелася б абавязкова прадставіць у новай экспазіцыі. Так, напрыклад, кіраўніцтва музея плануе пашырыць тую частку экспазіцыі, якая распавядае пра шляхецкае паходжанне народнага паэта Беларусі, а таксама прадугледзіць у будучай экспазіцыі ўсталяванне сучасных мультымедыйных тэхналогій, з дапамогай якіх наведвальнікі — у першую чаргу, школьнікі — змогуць пабачыць на свае вочы некаторыя фрагменты з драматургічнай спадчыны класіка беларускай літаратуры, увасобленыя на сцэнах сталічных тэатраў.
Пачынаем друкаваць Канцэпцыю адразу з пункта, прысвечанага мэтам і задачам праекта, апускаючы ўводзіны, дзе асноўная ўвага надаецца гісторыі фарміравання экспазіцыі і этапам развіцця музея.