Гэтая сусветна знакамітая французская опера ў нас раней не ставілася: біблейскія сюжэты па савецкіх часах не віталіся. Багатая творчасць кампазітара была прадстаўлена найперш “Паміраючым лебедзем”. Ну, яшчэ адной — дзвюма скрыпічнымі п’есамі віртуознага характару — тым жа Ронда-капрычыёза. Пашырыць рэпертуар новым найменнем прапанавала Аксана Волкава — наша знакамітая прымадона, якая апошнім часам зарэкамендавала сябе яшчэ і таленавітым рэжысёрам. Першы пастаўлены ёй спектакль — “Вілісы. Фатум” — можна лічыць маленькім шэдэўрам. Не глядзелі? Абавязкова схадзіце! Бо зробіце адразу тры адкрыцці. Цудоўнай музыкі ранняга Дж.Пучыні, у нас практычна невядомай. Выкшталцонага відовішча з непрадказальнымі эфектамі і яркай балетнай сцэнай. Нарэшце, нечаканай этычнай праблематыкі, што не пакіне вас абыякавымі.
Расійская мастачка Этэль Іошпа і беларуская прымадона Аксана Волкава.
Сцэнічныя строі ваяўнічых філістымлянаў, сярод якіх і прыгажуня Даліла, будуць бліскаць металам. І гэта не толькі мастацкі вобраз, але і гістарычная спасылка: яны першымі сталі выплаўляць на Далёкім Усходзе сталь. Фігуры прадстаўнікоў супрацьлеглага лагера — юдэяў на чале з асілкам Самсонам — будуць суправаджаюць выявы торы, лістоў паперы са старадаўнімі пісьмёнамі. Валасы, у якіх заключана чароўная сіла героя, стануць перагукацца ў спектаклі са стужкамі, вяроўкамі, змеямі як сімвалам жаночага каварства. Але рэжысёр абяцае: героі не будуць падзяляцца на “добрых” і “дрэнных”, бо ў кожным з іх ідзе ўнутраная барацьба між пачуццямі і абавязкам. Таму на першы план выйдзе не асветніцкае знаёмства са Старым Запаветам, а праблема выбару, актуальная для ўсіх часоў і народаў. Будзе і разгорнутая балетная сцэна, вырашаная як думкі-ўспаміны Самсона, які асэнсоўвае сваё жыццё. Фінальная сцэна разбурэння храма Дагона будзе нагадваць, паводле задумы пастаноўшчыкаў, апошні дзень Пампеі. Толькі сцэну засыпле не попел, а ўсё тыя ж лісты паперы. Рукапісы не гараць? Як, дарэчы, і цікавыя думкі, творчыя памкненні, інтэлектуальныя намаганні — усё тое, што звязана з культурай і вечнымі духоўнымі каштоўнасцямі.
І хаця прэм’еру давядзецца пачакаць, пра ўдзел у спектаклі пачынаюць ужо марыць такія сусветныя зоркі, як, да прыкладу, Кацярына Семянчук (меца-сапрана). Днямі яна прыязджала да нас, на сваю радзіму — удзельнічаць на сцэне нашага Вялікага тэатра ў выкананні Рэквіема Дж.Вердзі да 35-годдзя з дня Чарнобыльскай трагедыі. І зацікавілася новым праектам, тым больш што выйгрышная партыя Далілы — у яе рэпертуары. Безумоўна, гэты спектакль прыцягне і іншых выдатных спевакоў сучаснасці, і, вядома, публіку.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ