Зразумець і падтрымаць
Неяк няўдала я ў той СДК заехаў. Прынамсі, так спачатку падалося. Час быў не надта позні. У клубнай зале людзі ў чорным расстаўлялі сталы і лавы. Памінальная вячэра! Загадчыца, якая не чакала майго прыезду, глядзела крыху вінавата. Як мог, супакоіў. Тут, аказваецца, і вяселлі час ад часу ладзяцца. І таксама бясплатна… Сустрэўся з такой “арэндай” упершыню. А асэнсаваў усё так: калі клуб патрэбны і ў горы, і ў радасці, значыць, супрацоўнікі не дарэмна хлеб ядуць. Вакол такіх і гуртуецца грамада. І не толькі для таго, каб вольны час бавіць. Менавіта такая ўстанова і з’яўляецца дзейсным сацыяльным цэнтрам, дзе цябе зразумеюць, падтрымаюць і пастараюцца дапамагчы. І нездарма неабыякавыя работнікі культуры часцяком — яшчэ і старасты вёсак, дэпутаты мясцовых саветаў, карацей, сельская інтэлігенцыя вышэйшага кшталту, якая імкнецца стаяць за сваіх землякоў гарой.