Самаакупнасць мары
Хто пра што, а я ўсё пра тое ж. У Магілёве, у шумных кулуарах аднаго з фэстаў тэатральнай самадзейнасці, дзяўчына з адчайнымі вачыма расказвала: “Калі паступала, у камісіі быў Мікіта Міхалкоў. Загадаў: “Здзіві!” Я запальнічкай фіранку падпаліла”. Не важным падавалася, паступіла ў навучальную ўстанову тая дзяўчына ці не, галоўным для мяне быў творчы загад: “Здзіві!” Усё правільна! Глядач чакае не руціны, а цуда, якое варта калі не ўдасканальваць, дык відазмяняць. Паліць, натуральна, нічога не трэба: у нас і без таго герастратаў хапае. А вось добрым чараўніком работнік культуры і мастацтва адчуваць сябе павінен. Невялічкае ўдакладненне: той работнік маецца на ўвазе, які хоча здзіўляць, а не ездзіць пасярод рабочага дня ў грыбы. “Дзе ж такіх набрацца?” — запытаецца з енкам начальнік аддзела культуры. Пытанне знаёмае, хрэстаматыйнае, можна сказаць, рытарычнае, але не канструктыўнае. Колькасць якасных маладых спецыялістаў залежыць ад якасці клубных ды бібліятэчных мерапрыемстваў, на якіх тыя спецыялісты выхоўваліся з дзяцінства. І ў педагогі ідуць тыя выпускнікі, якіх калісьці здзівіла першая настаўніца. Мне, да прыкладу, мае клуб ды бібліятэка нічога цікавага не прапаноўвалі, таму і пайшоў я ў “злыя” журналісты.