Свята падзякі чытачам…
Сам сабе дакараю: мала пішу пра клубы. І не толькі таму, што не ўмею танцаваць, выступаць у ролі тэатральнага акцёра і спяваць хорам, а люблю чытаць ды сябраваць з не абы-якімі кніжкамі. Тлумачэнне тут такое. Неяк так атрымалася, што ў пераважнай большасці бібліятэкараў (і гэта добра бачна з нашых паштовых аглядаў) больш цікавага ў жыцці, а клубнікі часцяком адмоўчваюцца, пісаць пра ўласныя здабыткі не надта спяшаюцца. Мо таму, што не надта шмат тых здабыткаў? Натуральна, не ўсіх маю на ўвазе. Але ж ёсць выключэнні, і немалыя. Вось яны і адбіваюць ахвоту часта згадваць клубную справу. Каюся, недаравальна гэта. І можна зразумець клубнікаў. У бібліятэчных спецыялістаў палітыку чытання і ўсіх захадаў для гэтага дыктуюць кніга і высокая літаратура (яны, як добры сцэнарый у кіно, выцягваюць не заўжды адданую ігру акцёраў). А клубнікам самім трэба пад любы крок сваю метадычную аснову падводзіць. А тут без належнай адукацыі, фантазіі і здольнасці здзіўляць нечаканасцю сюжэта не абысціся. Вось пра гэта, на маю думку, і трэба пісаць. І не толькі мне, але і вам, шаноўныя падпісчыкі. Пра змест метадычнай стратэгіі, тактыку прафарыентацыі, падвышку кваліфікацыі, выкарыстанне інавацыйных тэхналогій. У адваротным выпадку на пытанне: “Які праект цяпер ажыццяўляеце?” — адказ заўжды будзе не вельмі арыгінальны: “Вось канцэрт днямі арганізавалі!”