Халадзільнік для чытання
Андрэй Федарэнка, якога бясконца паважаю за грунтоўнае думанне ў творах, піша ў сваёй “Сечцы”: “І як цясляр, сталяр будаўнік валодае сякерай, рубанкам, кельмаю, так і пісьменнік павінен старацца да аўтаматызму авалодаць моваю”. Хто будзе спрачацца? Як, зрэшты, і з тым, што “мовазнаўства” пісьменніка наўпрост уплывае на “мовазнаўства” чытача. Але толькі ў пэўнай ступені. Агульная пісьменнасць пакутуе ад лічбавага нашэсця ўсюдыіснай рэкламы, дзе рэй вядзе манетызацыя, а не арфаграфія з пунктуацыяй. Самы час казаць пра моўную дэградацыю і “дыстрафію” чытання. Фізікі перасталі быць лірыкамі, і кропку з коскай у складаных сказах здольная паставіць толькі гуманітарная эліта.
На трэцім паверсе нашага Дома друку працуе агенцтва “Даліна тураў”. Яго шчытавая рэклама назаляе штодня: “Вандруйце з “Даліна тураў”. Як бы ні мяняліся правілы правапісу, непарушным, я перакананы, застанецца адно: канструкцыя сказа павінна адпавядаць прынцыпам гармоніі, а не хаосу. У адваротным выпадку цалкам магчымае напісанне “Я еду на “Мерсэдэс” або “Я жыву ў Мінск”. Самае месца нагадаць: чытанне загартоўвае розум.