Напішыце Дзеду Марозу!
Амаль два гады як няма маёй маці. Толькі цяпер разумею, наколькі моцным чалавекам яна была. Не памятаю, да прыкладу, каб маці калі-небудзь плакала. Аўтарытэт мела незвычайны. Калі я гуляў з ёю па мікрараёне, з усіх бакоў чуў: “Добры дзень, Тамара Аляксандраўна!”, “Як жыццё?”, “Як здароўе?” Віталіся яе былыя вучні: сівыя дзяды, кабеты сярэдняга веку, маладыя хлопцы і дзяўчаты. Бывала, што з адной сям’і яна вучыла і бацьку, і яго сына, і яго ўнука. Вучыла маці і мяне: чытаць, прыбіраць хату, садзіць і капаць бульбу, збіраць ягады, любіць людзей і жыццё. Мне падавалася, маці не вельмі шанавала мае творчыя старанні. Але за пару дзён да сыходу сказала, што ў журналістыцы і літаратуры я адбыўся. Большага прызнання і не чакаю. Аднак распавесці хачу пра іншае. Пра выпадковасць як складнік заканамернасці.