З “мышкай” і кніжкай
Я — чалавек з псіхалогіяй жыхара раённага цэнтра. У такім, дзе ўсе сваякі, суседзі і родзічы, рос і сталеў палову жыцця. Сіндром местачковага гонару — у крыві (“местачковы” тут — ніяк не адмоўная рыса). Працаваць навідавоку і шчыра — справа цяжкая, але рэальная. Іншага спосабу “гадаваць” аўтарытэт пакуль не прыдумалі. Вось такая прэамбула. А цяпер — пра тое, што сёння хвалюе. Якім бачу ідэальны раён і яго ідэальны культурны змест? Паспрабую адказаць.
Раёнам, як падаецца, павінен кіраваць мясцовы і малады душой чалавек. Каб не ехаў увечары начаваць у іншы раён, а разам з жонкай ішоў у РДК на канцэрт, спектакль, танцавальны вечар. Такія, паверце, ёсць, з такімі я размаўляў і атрымліваў ад гэтага задавальненне.