Народ Кнігі, горад Літары
Калісьці Рыгор Барадулін, маючы на ўвазе ролю, якую адыграла літаратура ў фармаванні нашай нацыі, назваў беларусаў “народам Кнігі”. Тут няцяжка правесці паралелі з адным з этнасаў, які пасля страты сваёй бацькаўшчыны і вымушанага блукання сярод чужых народаў стагоддзямі захоўваў, прычым часта ў агрэсіўным альбо нядобразычлівым асяроддзі, духоўную еднасць праз тое, што трымаўся матчынай мовы і сваёй Кнігі. Гэты прыклад учэпістай жыццяздольнасці шмат для каго ў сусветнай гісторыі стаў натхняльным. Несумненна, што і сёння беларускае слова мацуе нацыю, з’яўляецца стрыжнявым чыннікам народнай еднасці. Аднаўленню беларускай дзяржаўнасці сёлета 30 год, а Дзень беларускага пісьменства адзначаецца ў 28-ы раз. Свята амаль равеснік Незалежнасці. І гэта невыпадковае супадзенне: палітычны суверэнітэт патрабуе трывалага духоўнага грунту.