Кентаўры з Бабровай даліны
“Я паважаю сябе, бо паважаю вас”… Гэта наша, беларускае, замешанае на спрадвечным гонары. Адпачывала пляменніца ў Грузіі. Згадвала, як уражаны быў мясцовы таксіст: “Не лаецеся, смецце праз вокны не выкідаеце, на роднай мове размаўляеце — Еўропа!” А я б дадаў: “Культура!” Адкуль што бярэцца? Няўжо толькі маладым надакучыла быць памяркоўнымі?
Не! Узрост, я перакананы, тут ні пры чым. Старэнькая бабуля на Драгічыншчыне заходзіць у краму, кіёк звонку пакідае, а мне важна тлумачыць: “Паляшуцкая культура такая”. Культура… Культура! Сябра Віця Стрыжак з рэчыцкай Заспы да апошніх дзён сваіх Маму называў на Вы. Культура! Дык адкуль яна?
Мяне зразумее зараз толькі той, хто любіць Беларусь. Шляхетнасць — у крыві. У павароце шыі вунь той вясковай кабеты — вытанчаная пастава князёўны. У выразных вачах вялікага Разанава — спакойная ўладарнасць вялікага Вітаўта. Ва ўсмешцы ссівелага дзеда — паляшуцкая вынаходлівасць гаспадара лесу, ракі і балота. І моліцца ён небу, сонцу і чалавеку.
Культура! Яна ў матчынай песні, дзедавай прыпавесці, у вышываным ручніку ды звонкім гліняным збанку. І ўсё гэта перадаецца з роду ў род шчырым позіркам, гарачым пацалункам, пяшчотным дотыкам ды ўзнёслым словам. Працэс няспынны, бо натуральны. Птушаняты не пытаюцца ў маці, як лятаць. Яны становяцца на крыло, праз якое і прарастае культура, чытай — шчаслівае ўменне лунаць над небам Беларусі. Курыруюць працэс “прарастання” гісторыкі, музыканты, літаратары, работнікі культуры. Дай Бог, каб так яно і было.