Апрануць ляльку
Гран-пры адкрытага конкурсу народнай цацкі і лялькі “Забава”, што гэтым летам ужо трэці раз праходзіў у межах “Славянскага базару ў Віцебску”, — узнагарода, можа, і не такая гучная, як Гран-пры самога песеннага конкурсу, але ў беларускім традыцыйным мастацтве значэнне мае, мабыць, і не меншае. А сёлета на “Забаве” перамагла Наталля ПЕТУХОВА з Лепеля, уладальніца пачэснага звання народнага майстра Беларусі. Што цікава, і на мінулым конкурсе “Забава” ў яе быў Гран-пры, ды і ўвогуле — розных перамог і прэмій у Наталлі Аркадзеўны нямала. Ёй жа і неаднойчы давяралі прадстаўляць беларускае народнае мастацтва за межамі Беларусі. У Лепельскім Цэнтры рамёстваў Наталля Петухова працуе ўжо амаль чвэрць стагоддзя, яна майстар на ўсе рукі — не толькі майстар, але, канешне, і педагог. З ёй мы пагаворым пра тое, як становяцца народнымі майстрамі, як сумясціць традыцыю і творчую фантазію, як сваёй працай упрыгожваць жыццё і несці людзям радасць.