Сітуацыя — пад кантролем
У мінулым нумары, мы “пабывалі” на ўсходніх межах нашай краіны — у Нароўлі, дзе з вясны вядуцца працы па аднаўленні палаца роду Горватаў (гл. “К” № 25, 2021). Сёння мы перанясемся на захад Беларусі, на Ваўкавышчыну, каб распавесці чытачам “К” пра лёс палаца славутага роду Бохвіцаў у Падароску. Мэта нашых публікацый не ў тым, каб займацца банальнай папулярызацыяй цікавых мясцінаў. Мы распавядаем пра прыклады, калі яшчэ нядаўна закінутыя палацы-сядзібы займелі гаспадароў і атрымалі “другі шанец” на жыццё. Прычым, часам, менавіта жалобны стан колішніх котлішчаў беларускай шляхты і становіцца для некаторых пабуджальным матывам “закатаўшы рукавы набываць і ратаваць” не дзеля сябе, а дзеля Беларусі. Вельмі шкада, што з’ява гэтая, вельмі годная, пашырылася так запозна. Але лепей запозна, чым ніколі.