Пад вечную музыку Beatles
З чаго пачынаецца прафесіяналізм? У мяне свой адказ на гэтае пытанне. Пастаянна згадваю словы маці-настаўніцы: “Не чакай удзячнасці ад вучняў і ад родных дзяцей”. Гаворка — пра самаахвярнасць. Вы заўважылі, як рэдка мы ўжываем гэта слова? Між тым, абіраючы свой будучы статус, я ўпэўнены, мы павінны ўсведамляць, што ахвяруем часам, нервамі, урэшце — жыццём дзеля таго, каб годна прайсці наканаваны шлях. А любая ўдзячнасць збоку — рэч прыемная, але пазбаўленая аб’ектыўнасці. Свае шчыраванні мы павінны ў першую чаргу ацэньваць самі. І ў гэтым — таксама прафесіяналізм. Прыемна, што “Культуру” выпісваюць таксама прафесіяналы. І не толькі выпісваюць, але і лісты нам шлюць. Пра іх змест — і гаворка.