Муза гармоніі, якая хацела стаць парашутысткай
У нядзелю 21 сакавіка адзначыла сваё 95-годдзе адна са старэйшых музыказнаўцаў нашай краіны — кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар, заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі Калерыя СЦЕПАНЦЭВІЧ. За больш як 60 гадоў, аддадзеных працы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (з іх больш за 20 — прарэктарам па вучэбнай і навуковай рабоце), выпусціла безліч дыпломнікаў, магістрантаў, аспірантаў — прасцей назваць тых, хто ў яе не вучыўся. І гэта будуць хіба даваенныя выпускі. Бо нават сённяшнія студэнты, што не заспелі яе лекцыі, вучацца на яе шматлікіх кнігах, даследаваннях, навуковых і крытычных артыкулах, вучэбных дапаможніках і іншых матэрыялах, прысвечаных беларускай музыцы. Яна і цяпер, ужо некалькі гадоў як на пенсіі, працягвае працаваць. Апошнім часам выдала ўспаміны “Маё жыццё ў гармоніі з музыкай” і два зборніка навуковых артыкулаў — сваіх і свайго мужа і калегі, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Георгія Глушчанкі, які пайшоў з жыцця ў 1994-м. Заканчвае яшчэ адну кнігу — па прынцыпе: “ні дня без радка”. А наконт свайго юбілею жартуе: дайце яго ў ракаходзе, паводле поліфаніі (у кіно такі прыём “ззаду наперад” называецца зваротным рапідам) — атрымаецца ўсяго 59.