Няўлоўны герой на фоне пустаты
У адрозненне ад спартыўных спаборніцтваў, мастацкія конкурсы і прэміі наўрад ці здатныя вызначыць лепшых — у гэтай сферы аб’ектыўных крытэрыяў быць не можа. Затое яны сведчаць пра настроі і трэнды сярод саміх “суддзяў” з экспертнай супольнасці — пра тое, што сёння лічыцца вартым і важным, якія крытэрыі ставяцца ў галаву кута…
І той факт, што ў спіс лаўрэатаў І Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры, якую не так даўно ладзіў Беларускі саюз мастакоў, патрапіла Таццяна РАДЗІВІЛКА, прыемна ўражвае. У яе палотнах зусім няма ўсяго таго, у чым сёй-той вінаваціць цяперашняе мастацтва — хайпа, павярхоўнасці ды камерцыі. Гэтыя творы глыбокія, таямнічыя, незразумелыя — і зусім някідкія, папраўдзе інтэлігентныя. За імі яўна нешта стаіць, і ты гэта адчуваеш, нават калі не можаш зразумець, што менавіта.