Хіт-парад сямейных рэліквій
Што трэба зрабіць, каб беларуская кніга стала сапраўды роднай? Пытанне яшчэ тое. У пошуках адказу трэба, напэўна, не адзін тыдзень думаць, не адзін год працаваць. І школьную праграму (гэта я як колішні настаўнік сцвярджаю) варта якасна перагледзець, каб выкладалася наша літаратура ў кантэксце сусветнай. Тады, прынамсі, стане зразумелым, што змянілася на зямлі пасля асветніцтва Скарыны, сэнсашукання Быкава і філасофскіх разваг Танка. У адваротным выпадку ўчарашні школьнік так і пранясе праз усё жыццё перакананне, што Купала — гарадскі і шляхецкі, а Колас — вясковы ды прыземлены. Дык вось, каб больш дэталёва разглядаўся ў школе “Сымон-музыка”, дык і думкі такой у вучняў не ўзнікла б. Натуральна, адказнасць на беларускіх выкладчыках — неймаверная. А на бібліятэкарах — не меншая.