Вернісаж на Пляцы Здзяйсненняў
..На пляцоўках фае другога паверха Палаца Рэспублікі віравала ажыўленая людская плынь. Дэлегаты і запрошаныя на Усебеларускі народны сход госці, што прыехалі ў сталіцу з усіх рэгіёнаў Беларусі, зацікаўлена знаёміліся з экспанатамі імправізаванага выставачнага комплексу, які прэзентаваў сваю работу пад красамоўнай назвай “Разам — у будучыню”.
Працавалі над маштабным канцэптуальным напаўненнем выставачнай пляцоўкі шматлікія міністэрствы, ведамствы і ўстановы краіны, якія прадстаўляюць галіны прамысловасці і аховы здароўя, навукі і культуры, інфармацыі і адукацыі, сельскай гаспадаркі, спорту і турызму. Сярод арганізатараў — і тыя ўстановы, якія носяць у сваім найменні ганаровае азначэнне “нацыянальны”: Нацыянальны гістарычны
і Нацыянальны мастацкі музеі, Нацыянальная бібліятэка і Нацыянальная акадэмія навук...
Выстаўка ўвабрала ў сябе тры грунтоўныя раздзелы — “Спадчына Айчыны”, “Дасягненні суверэннай Беларусі” і “Будучыня — за намі”.
Атмасфера непрыхаванай цікавасці панавала прынамсі вакол экспанатаў, што прэзентаваліся ў цэнтральнай частцы фае.