Дастаеўскія: карані роду
Імя Фёдара Дастаеўскага не мае патрэбы ў прадстаўленні. Па дадзеных UNESCO і сёння гэты пісьменнік з’яўляецца адным з самых чытэльных у свеце. Вядомасць яго сягае ад амерыканскага кантынента да Японіі, ад Афрыкі да Азіі, ад Еўропы да Аўстраліі. Дастаеўскага ўважліва вывучаюць, пра яго працягваюць пісаць даследаванні, здымаць стужкі, ствараюць аб’яднанні яго імя. Гэты зусім няпросты, але ўвесь час надзіва сучасны пісьменнік зацікавіў свет яшчэ ў далёкім 1881 годзе — тады ў ЗША на англійскую мову была перакладзеная яго кніга “Занатоўкі з мёртвага дома”.
Дастаеўскага абгрунтавана асацыявалі і працягваюць асацыяваць з Расіяй. Тым не менш, карані роду Дастаеўскіх бяруць свой пачатак у паўднёва-заходніх землях Беларусі. Род гэты вельмі старажытны і многія яго прадстаўнікі пакінулі свой адбітак не толькі ў гісторыі і культуры Беларусі, але і Расіі, Украіны і Польшчы. Былі сярод іх і ваяры, і святары, і земяне (ваенаслужачыя насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы ў XVI — XVIII стагоддзях). Яны пераходзілі ў каталіцтва, ці, наадварот, прымалі праваслаўе, рабіліся шляхтай, служылі польскім каралям і нават прымалі ўдзел у іх абранні. Спляценне гістарычных падзей і чалавечых лёсаў часам нараджае геніяў, якія сілай свайго таленту і прадбачання рассоўваюць межы і таму маюць прыналежнасць ужо да ўсяго свету. Адным з такіх геніяў, радавод якога бясспрэчна звязаны з Беларуссю, і стаў Фёдар Дастаеўскі.
Далей