Глеб Менскі — князь з чалавечым абліччам
Ідэя помніка князю старадаўняга Менеска Глебу Усяславічу лунала ў паветры не адзін год. Пазалетась яна ўвасобілася ў матэрыяле — пакуль яшчэ не самым трывалым. Далей распачалася цэлая чарада затрымак — па самых розных прычынах, галоўную з якіх нават і тлумачыць не трэба. Але хочацца верыць, што адкрыццё першага ў Мінску коннага помніка стане сапраўдным цвіком Дня горада — хай не гэтага, а наступнага. Які, хочацца верыць, пройдзе ў зусім іншых варунках — куды больш святочна, чым сёлета. І без вірусаў.
Пра пакручастыя шляхі візуалізацыі асобы тысячагадовай даўніны, пра ўвагу да дэталяў — і асабліва гістарычных — і пра тое, што агульнае паміж каровай і Глебам Менскім, мы гутарым са скульптарам і ілюстратарам Мікалаем БАЙРАЧНЫМ.