Таямніцы Манюшкаў
Пішучы пра Закрэўскіх і Мюлераў, немагчыма абысці ўвагай успаміны былога філарэта і філамата Станіслава Мараўскага. Стаўшы сямейным лекарам абедзвюх фамілій, ён аказаўся далучаным да ўсіх таямніц жыцця продкаў жонкі кампазітара Аляксандры Манюшка. Безліч разоў бачыў яе яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай і, верагодна, не раз змагаўся з ейнымі хваробамі. Быў закаханы “раз і назаўсёды” ў маці Аляксандры Марыяну. А ў яго самога была закаханая яе сястра Альжбета. Што, само сабой, не спрошчвала і без таго напружаную сітуацыю.
Таму пакінуўшы медыцынскую практыку і пасяліўшыся ў маёнтку сваёй маці з роду Сямашкаў ва Устроне, усе свае душэўныя пакуты (а іх было занадта шмат для адной асобы) ён даверыў паперы. Праўда, успаміны атрымаліся не сентыментальным раманам — Мараўскі шчодра дадаваў туды розныя гістарычныя анекдоты з віленскага жыцця. І не толькі віленскага. Адзін такі сюжэт варты асаблівай увагі, бо мае самае непасрэднае дачыненне да нашай справы.