Куфар — дзявочы скарбчык
Дзе беларускія гаспадыні захоўвалі свае няхітрыя скарбы? Вядома ж, у вялізных, надзейных драўляных куфрах. У часы Сярэднявечча цяжкі куфар, акаваны металам, быў атрыбутам шляхецкага саслоўя. Паступова гэты сімвал хатняга дабрабыту стаў даступным для заможных гараджан. А з другой паловы ХІХ стагоддзя куфры пачалі набываць і сяляне, чыё матэрыяльнае становішча палепшылася пасля адмены прыгоннага права. Вырабляліся куфры гарадскімі рамеснікамі, прадаваліся на кірмашах і каштавалі нятанна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту на працягу свайго існавання збіраў калекцыю куфраў. Рэстаўрацыя некаторых доўжылася па некалькі гадоў. Плёнам гэтай працы стала выстава куфраў, якая адкрылася 5 чэрвеня ў сектары Паазер’е, у павеці вяночнага двара з вёскі Варашылкі. Яна будзе дзейнічаць пастаянна.
Далей