“Дзеці Чарнобыля” — усе мы?
Мне не хацелася б, каб гэтую фотакнігу ўспрымалі выключна як пра чарнобыльскіх дзяцей. Бо яна — амаль пра кожнага з нас, хто аднойчы сутыкнуўся са светам, нашмат большым за наваколле. Тым не менш, у аснове фотавыдання “Больш, чым Я” фатографа і фотакрытыка Вольгі Бубіч — рэальныя гісторыі дзяцей з забруджаных радыяцыяй тэрыторый.
У 1990 - 2000-я гады ў рамках адмысловых праграм хлопчыкі і дзяўчынкі з пацярпелых рэгіёнаў атрымалі магчымасць выехаць на аздараўленне за мяжу. Вольга Бубіч, будучы валанцёркай адной з падобных праграм, суправаджала групы чарнобыльскіх дзяцей у Італію, Бельгію, Галандыю і Канаду, і на ўласныя вочы бачыла, як яны раслі і змяняліся, адпачываючы за мяжой на працягу многіх гадоў. У сваёй фотакнізе аўтарка зафіксавала тыя назіранні, выкарыстоўваючы самыя розныя сродкі. І як чытач гэтага фотаальбома магу сказаць толькі наступнае: больш чалавечнага і далікатнага, але, разам з тым, канцэптуальнага, візуальнага выказвання пра сталенне мне не даводзілася бачыць.
Далей