Гітарная рамантыка са стадыённай падачай
Магілёўскі гурт Nizkiz ужо можна смела назваць нумарам адзін з новага пакалення беларускай рок-музыкі. Выглядае так, што да стадыёнаў гэтаму калектыву, сапраўды, засталося пару крокаў. Аншлагі, армія прыхільнікаў, удзел у знакавых фестывалях, тры альбомы, хіты, якасныя кліпы, выхад на міжнародную арэну. Між іншым, і прызнанне з боку прафесіяналаў і крытыкаў. Да гэтага Nizkiz ішоў не адзін дзень, і папулярнасць не звалілася аднекуль раптоўна — усё заслужана працай, а не толькі талентам. Апошні год гурт пастаянна быў на слыху — то сольны канцэрт у прэстыжнай зале, то адметны кліп, то выступленне з сусветнымі зоркамі… А яшчэ фестываль за фестывалем і колькасць прыхільнікаў, што імкліва павялічваецца.
З вакалістам Nizkiz Аляксандрам Ільіным гутарым і пра нядаўнія падзеі, і пра гісторыю калектыву, і нават пра мары, вартыя сапраўднага музыканта.