“Навігатар” вядзе дадому
Пётр Шумаў і Восіп Цадкін — ураджэнцы нашай зямлі — доўга і мусова “бадзяліся” па іншых землях свету. Адзін рабіў фотапартрэты выбітных асобаў першай паловы ХХ стагоддзя — Шагала, Бакста, Маякоўскага, Цвятаевай, Эйнштэйна ды іншых. Другі спрабаваў сродкамі манументальнага мастацтва зрабіць адбітак свайго няроўнага і непрадказальнага часу ў такіх выбітных скульптурных выявах, як “Навігатар”, “Музычнае трыа”, “Менады”, “Хрыстос”, “Разбураны горад”…
І вось на гэтым тыдні яны вярнуліся да нас. Пётр Шумаў — шыкоўнай выставай фотапартрэтаў у Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Восіп Цадкін — скульптурай “Навігатар”, усталяванай на вуліцы Прытыцкага ў Мінску.