Баян ён нёс да Берліна
Гэты самавіты з выгляду чалавек па-ранейшаму выпраменьвае імпэт ды жыццёвую энергію. Сустрэўшы сваё 93-годдзе ў коле шматлікіх вучняў, якія зладзілі для яго шыкоўны канцэрт, і толькі тады пакінуўшы выкладчыцкую дзейнасць, ён працягвае жыва цікавіцца ўсім, што адбываецца ў музычным свеце. Ды і наогул, як падаецца, — усім на свеце.
Баяніст Міхаіл СОЛАПАЎ — жывая легенда беларускай музычнай культуры. Заслужаны дзеяч мастацтваў краіны, кавалер ордэна Францыска Скарыны. Цэлую эпоху ён прафесарстваваў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, выхаваўшы некалькі пакаленняў выбітных выканаўцаў.
А яшчэ — гэта адзін з нашых суайчыннікаў, які пакінуў свой роспіс на Рэйхстагу, каб засведчыць уласны ўнёсак у Вялікую Перамогу. На жаль, з кожным годам у святочным вулічным тлуме іх можна ўбачыць усё радзей… І таму так важна пачуць пра той дзень — 9 мая 1945 года — з першых вуснаў.