Чэка-Бэка ды іншыя
У Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.Масленікава праходзіць выстаўка “Шлях” скульптара Андрэя Вераб’ёва. Аўтар праславутага “Агурка”, усталяванага ў Шклове, і некаторых іншых гарадскіх скульптур побытавай тэматыкі, тут ён паўстае глыбокім, удумлівым майстрам-філосафам, здольным на нечаканыя мастацкія фантазіі і нават “хуліганства”. Канцэпцыйнасцю прасякнута і кожная работа паасобку, і цыклы-серыі твораў, і ўся выстаўка ў цэлым, пачынаючы з увахода. “А дзе ў вас нармальныя дзверы?” — пытаюцца збянтэжаныя наведвальнікі, не рашаючыся зрабіць крок. Бо ўваход аформлены ў выглядзе вялізнай замочнай адтуліны, “дзірка для ключа” ў якой нагадвае абрысы чалавечай фігуры. Нішто сабе — гэткі “пралом”, які асацыюецца яшчэ і з камедыйнымі “праходамі” праз сцяну-плот-акно ў мульціках ды кіно! Насамрэч, гэта сапраўдны ключ да ўсёй экспазіцыі, якая ў поўнай меры можа быць названа (як і творчасць А.Вераб’ёва ўвогуле) нават антрапалагічнай, антропацэнтрысцкай, а таксама шмат у чым парадаксальнай. У цэнтры большасці работ — чалавек. Але як па-рознаму ён выглядае! Нават на аўтапартрэтах. Скульптара цікавіць не знешняе падабенства, а ўнутраная сутнасць, выяўленая праз багатыя асацыятыўныя шэрагі: аўтапартрэт — гэта крыж, кніга, рыцарскае забрала, кроплі-падцёкі са свечкі, маска (у самых розных сэнсах — ад тэатральнай да псіхалагічнай). “Аўтапартрэт, з якога ўсё пачыналася” (1983) яднае традыцыі драўлянай скульптуры з біблейскай тэмай. “Партрэт на 40-годдзе” (2009) — падобны адначасова на крыж, прывід, кляновы ліст, паветраны змей. Далоні выглядаюць як дзівосная каменная кветка — накшталт чароўнай купальскай, што вось-вось заззяе цёплым таямнічым агеньчыкам. Чалавечы пачатак — праз постаць ці твар — бачны ў выявах свечкі, распіле дрэва, галінках, у музычных інструментах, рыбацкім круку, люстэрку, лямпачцы. Яшчэ часцей сустракаюцца “падвойныя” партрэты: цэлая энцыклапедыя пацалункаў, шматлікія спалучэнні твараў і масак, варыяцыі на тэму “інь і янь”.