Элітарнае мастацтва для паспалітага чалавека
Ёсць творцы, якія вельмі аператыўна рэагуюць на з’яўленне новых тэхналогій, на змены ў кан’юнктуры мастацкага рынку і ў густах гледачоў. Вечны пошук новых сродкаў выразнасці дзеля таго, каб здзівіць аўдыторыю ды займець імідж “сучаснага” мастака, для іх — калі не сэнс, дык вельмі важны чыннік творчасці. Іншыя ж прытрымліваюцца традыцыйнага, праверанага часам інструментарыя і стылістыкі, мяркуючы, што сродкі выяўлення — справа другасная: маўляў, былі б думкі, а словы — знойдуцца, адпаведна, знойдзецца і аўдыторыя. Такі мастак звычайна мае кола сваіх гледачоў, з якімі на працягу творчай кар’еры здолеў наладзіць ментальны дыялог.