Чаму стол Караткевіча не трапіў у музей?
Жылі-былі ў горадзе Мінску ў доме на рагу вуліц імя класікаў навуковага камунізму Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса два класікі беларускай літаратуры — Уладзімір Караткевіч і Вячаслаў Адамчык. І вось з нейкай нагоды падарыў Караткевіч Адамчыку свой рабочы стол, за якім напісаў нямала эпахальных твораў. Вядома, што Вячаслаў Уладзіміравіч, як і Уладзімір Сямёнавіч, скарыстоўваў падораную мэблю па творчым прызначэнні, а потым стол трапіў на лецішча Адамчыкаў. Надышоў час, калі Адам Глобус, сын Вячаслава Адамчыка, вырашыў, што артэфакт мусіць належаць не прыватнай асобе, а грамадству, і абвясціў, што аддасць стол “у добрыя рукі”: у які-небудзь музей або іншую прыстойную ўстанову.
Здавалася б, навуковыя ды культурныя інстытуцыі мусілі адарваць рэліквію, як кажуць, з рукамі, а Глобусавы мабільнік — расплавіцца ад тэлефанаванняў. Ажно не: прапановай зацікавіўся толькі Музей Караткевіча ў Оршы. Але паколькі Адам Глобус паставіў умовай тое, што стол павінен застацца ў Мінску, аршанцам адмовілі. Рэліквія знайшла прытулак у кнігарні-кавярні “Ў”. Паспрабуем высветліць, чаму музейшчыкі, якія справядліва наракаюць на адсутнасць сродкаў для набыцця экспанатаў, не захацелі браць тое, што аддавалі задарма.