Ці варта раёнам баяцца рок-канцэртаў і нестандарнтных мерапрыемстваў?
24 — 25 жніўня ў Рэчыцы праходзіць Міжнародны рок-канцэрт альтэрнатыўнай музыкі “Metal Crowd Fest-2013”. Праходзіць ён, варта адзначыць, ужо дзявяты год запар. І ладзяць яго не заезджыя імпрэсарыа, а аддзелы мясцовага райвыканкама: спачатку — па справах моладзі, потым — культуры, цяпер — ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Для раённага цэнтра мерапрыемства, шчыра скажам, не надта стандартнае. Між тым, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рэчыцкага райвыканкама Дзмітрый Драгун запэўнівае, што больш “металічнага” року, ды яшчэ ў такім замежным асартыменце, на Беларусі пачуць і пабачыць — досыць праблематычна. Хто аспрэчыць? Сёлета на рэчыцкім стадыёне спарткомплексу “Надзея” сабраліся рок-каманды з Беларусі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Бразіліі, Румыніі, Швейцарыі, Германіі, Турцыі, Расіі. Упершыню прыехалі музыканты з Венесуэлы. А сярод слухачоў — тысячы маладзёнаў, і не толькі з Гомельшчыны... Прынята меркаваць, што рок атаясамліваецца з разбэшчанасцю: п’янствам і наркаманіяй. У Рэчыцы так не думаюць. Між тым, аналагічных мерапрыемстваў пад эгідай работнікаў культуры Беларусі не набярэцца і з паўдзясятка. Чаму? Выслухаем думкі спецыялістаў-практыкаў.