Штрых-код у білетных рамках
Штодня цягам апошняга паўгода пасажыры сталічнага метрапалітэна могуць назіраць рэкламу аднаго з прыватных аператараў па электронным браніраванні і продажы білетаў на культурныя і спартыўныя мерапрыемствы. Самыя ўважлівыя, мусіць, заўважылі і тое, што ледзь не кожны тыдзень рэкламка фармату А4 папаўняецца пералікам новых пунктаў продажу, а таксама тых падзей і пляцовак, куды прапануюцца “запаветныя білеты”. Прычым — і гэта, падаецца, сімтаматычна — у радку навінак электроннай касы з’яўляюцца менавіта нашы тэатры, канцэртныя і кіназалы, а не толькі заезджыя гастралёры ды антрэпрызы.
Днямі Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь распаўсюдзіў інфармацыю аб змене графіку работы кас, а таксама пра пашырэнне магчымасцей па электронным набыцці і браніраванні білетаў. А праз пэўны час журналісту “К” давялося апынуцца ў чарзе па білет у той самы Оперны, дзе была выпадкова падслухана размова распаўсюджвальніц: маўляў, за апошнія пару дзён новаўвядзенне паказала вынік у тысячу з гакам прададзеных праз Сеціва білетаў. “Рэкорд!” — заключылі суразмоўніцы. “Сапраўды, рэкорд!” — падумалася і нам…
Карацей, важкіх інфармацыйных нагод для правядзення семінара-практыкума, прысвечанага актуаліям вядзення білетнай гаспадаркі ў тэатральна-відовішчных арганізацыях і арганізацыях кінематаграфіі рэспубліканскага падпарадкавання, што адбыўся ў Інстытуце культуры Беларусі, аказалася больш чым дастаткова. У цэнтры ўвагі семінара былі сучасныя формы арганізацыі і інавацыйнай сістэмы продажу білетаў.