Першы конны — Усяславу Чарадзею!
Наш даўні чытач Уладзімір Прыхач, выкладчык Смаргонскай гімназіі № 1 і вядомы краязнаўца, даслаў у рэдакцыю ліст, у якім распавядае пра помнік каню ў Валожыне. Яшчэ ў ХІХ ст. статую скакуна з узнятай у “іспанскім кроку” пярэдняй нагой загадаў паставіць каля свайго палаца граф Юзаф Тышкевіч, які захапляўся конегадоўляй. Больш чым за стагоддзе і палац, і помнік каню зведалі шмат нягод, але, на шчасце, зберагліся. Цяпер у адным з будынкаў палаца размяшчаецца вайсковая частка, і ўжо яе тэрыторыю ўпрыгожвае постаць высакароднай жывёліны. Далей У.Прыхач пытаецца: “А ці былі яшчэ на Беларусі, захаваліся або плануюцца помнікі з выявай каня? Цікава было б правесці даследаванне ў гэтым накірунку…”
Рэкамендуем шаноўнаму Уладзіміру Уладзіміравічу і іншым нашым чытачам звярнуцца да “К” № 1 за 2002 г., дзе публікавалася такое даследаванне. А яшчэ мы рады паведаміць, што мінулай восенню з’явіўся першы конны помнік славутай гістарычнай асобе ўжо ў незалежнай Беларусі.