Лазерны прамень у Касцюковіцкім небе
Як вядома, сустракаюць па апратцы. Першыя ўражанні ад знаёмства з культурным жыццём Касцюковічаў, якія сёлета адсвяткуюць свой 500-гадовы юбілей, толькі станоўчыя, нават калі ты пакуль не ведаеш, бруіцца гэтае жыццё альбо віруе. Культурныя ўстановы гарадка позірк прыкмячае адразу — яны вылучаюцца ў яго ландшафце сваёй, бадай, дасканалай дагледжанасцю і прыгожым выглядам. Не тое што кантрастуюць, а менавіта — вылучаюцца.
Зрэшты, па вонкавых адзнаках меркаваць не надта мудра. Што ж тоіцца за гэтымі дбайна атынкаванымі фасадамі? І чаму начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец заўсёды апавядае пра гэты раён з непрыхаваным гонарам і пашанай?
Урэшце, як патлумачыць той факт, што апошнім часам ён нязменна займае першыя месцы ў галіне культуры па Магілёўскай вобласці, якая зусім нядаўна адсвяткавала сваё 70-годдзе?
Здавалася б, ніякіх аб’ектыўных прычын такога росквіту, бадай, і не знойдзеш. Больш аддалены ад сталіцы райцэнтр варта яшчэ пашукаць — каб патрапіць туды з Мінска, трэба пераадолець не меней за тры з паловай сотні кіламетраў. Пра стварэнне ў Касцюковічах у XVIII стагоддзі опернага тэатра або іншую такога кшталту гістарычную падзею звестак не захавалася. А калі дадаць, што гэты край моцна пацярпеў падчас Чарнобыльскай навалы…
Але ўсё ж сімвалам культуры Касцюкоўшчыны зусім не выпадае лічыць дыназаўра — хаця ён у яе палітры таксама прысутнічае (пра гэта ніжэй). Сумны лёс дагістарычных істот дакладна яе не спасцігне. Бо ўсе згаданыя вышэй размаітыя фактары — як і мноства іншых — блякнуць перад самым істотным: чалавечым.