Чэрпайце напоўніцу!
Трэба толькі радавацца, што “Куфар-радца” ўжо не толькі “раіць” ды прапаноўвае нашым шматлікім чытачам песні, п’есы і іншыя прыдатныя для ўвасаблення на самадзейнай сцэне сачыненні, але і атрымлівае ад саміх чытачоў плён іх уласнай творчасці.
Так здарылася і на гэты раз. Таму побач з нядаўна створанай драматычнай “Баладай пра сястру міласэрнасці” заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кампазітара Фёдара Пыталева мы друкуем песню “Край мой родны” самадзейнага аўтара Івана Раманчука з аграгарадка “Сарачы”, што на Любаншчыне.
Падбор, вядома, невыпадковы: першая кампазіцыя прымеркавана да Дня Перамогі, а другая — да 125-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа (нагадаем, у № 8 за 2007 г. мы ўжо друкавалі песню “Край ясназоры” Эдуарда Зарыцкага на коласаўскія вершы).
Словам, чэрпайце напоўніцу!