Эдэм, які паўстаў з пекла
Тут вялізны статак дзікоў пасецца, амаль не зважаючы на нацэленыя кінакамеры, з-пад колаў аўтамабіля выпырхваюць птушаняты цецерукоў, удзень выходзяць карміцца бабры і барсукі, а на сцежцы сустракае пільным паглядам-выклікам воўк. Чалавеку ясна даюць зразумець: на гэтай тэрыторыі ён больш не гаспадар, а выпадковы госць. Эдэм дзікіх жывёл, які паўстаў з радыеактыўнага пекла, адкрыўся кінарэжысёру, сцэнарысту, біёлагу Ігару Бышнёву і кінааператару Паўлу Зубрыцкаму. Навукова-папулярны відэасерыял “Чарнобыльскія джунглі. 20 гадоў без чалавека” — найбольш уражальны з усяго знятага гэтым вядомым калектывам “Белвідэацэнтра”. За стварэнне серыяла Ігар Бышнёў і Павел Зубрыцкі атрымалі спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва 2006 года. Ужо на наступны дзень пасля атрымання высокай дзяржаўнай узнагароды Ігар БЫШНЁЎ з ранку да позняга вечара займаўся ў тэлерадыёкампаніі “Мір” мантажом новага фільма пра беларускую прыроду. У кароткай паўзе ён і даў інтэрв’ю для “Культуры”.