Шарунас БАРТАС: "Але... “тыповым” сябе не адчуваў ніколі”
У параўнанні з тым кіно, да якога мы ўсе прызвычаіліся, стужкі Шарунаса БАРТАСА падаюцца плёнам іншапланетнага розуму — хаця зняты яны, без сумневу, на роднай для нас Зямлі. Таму рэтраспектыва фільмаў культавага літоўскага рэжысёра, праведзеная ў рамках сёлетняга “Лістапада”, была разлічана перадусім на кінагурманаў. Ды, як выявілася, немалую залу кінатэатра “Перамога” запаўнялі не столькі прыхільнікі гэтага спецыфічнага кінатворцы, чые стужкі атрымалі “знак якасці”, не раўнуючы, усіх найпрэстыжных еўрапейскіх фестываляў, колькі проста цікаўныя гледачы, якія пазнаёміліся з новым імем непасрэдна праз фестывальную афішу і не зусім разумелі, чаго ад яго чакаць.