Развяжыце мне рукі!
Пра тое, што рэжысура - прафесія эксклюзіўная і штучная, казалася неаднойчы і пры самых розных абставінах. Думку гэтую наўрад ці хто возьмецца абвяргаць. Іншая справа, што, нават прызнаючы немагчымасць цалкам спрагназаваць і пралічыць з'яўленне на тэатральным небасхіле новых цікавых рэжысёраў, можна з высокай доляй верагоднасці вызначыць тыя аспекты і акалічнасці, якія робяць гэты "зорны шлях" для маладых творцаў пакручастым і цярністым.
Чамусьці прынята лічыць, што два самыя галоўныя "непрыяцелі" маладога рэжысёра - гэта творчая ВНУ, якая, маўляў, за пяць гадоў не навучае яго прафесіі "ад і да", і тэатры, што нібыта не жадаюць прызнаваць новыя таленты і даваць ім пастаноўкі. А, між іншым, акурат дзве гэтыя інстытуцыі, бадай, больш за іншых зацікаўлены ў тым, каб маладыя рэжысёры не толькі не "губляліся" па дарозе "з пункта "А" ў пункт "Б", але і, працуючы па спецыяльнасці, стваралі цікавыя, адметныя спектаклі, працягваючы традыцыі нацыянальнай тэатральнай школы. І, пэўным чынам, амалоджвалі спіс брэндавых імёнаў айчыннай сцэны. А што ж адбываецца на самой справе?