Рэдакцыя “К” зладзіла “круглы стол” з удзелам кіраўніцтва абласных упраўленняў культуры напярэдадні прафесійнага свята галіны. Тэма гаворкі была наўпрост звязана з перспектывамі развіцця культуры з улікам сённяшняга эканамічнага становішча і неабходнасці няўхільнага ўдасканалення пазабюджэтнай дзейнасці кожнай установы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў: Гродзенскага — Аляксандр ЛОЙКА, Віцебскага — Мікалай ПАШЫНСКІ, Гомельскага — Дзмітрый ЧУМАКОЎ; намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Святлана БАРАНОК; дырэктар Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва”, галоўны рэдактар газеты “Культура” Людміла КРУШЫНСКАЯ, рэдактары аддзелаў “К” Таццяна КОМАНАВА і Яўген РАГІН.
22 кастрычніка Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адсвяткуе сваё 65-годдзе. Першыя яго наведвальнікі былі непасрэднымі ўдзельнікамі баёў за вызваленне Беларусі. Сёння яны прыводзяць туды сваіх унукаў і нават праўнукаў. За 65 гадоў гісторыі ўстановы ў яе залах пабывалі чатыры пакаленні беларусаў. Музей стаў для іх свайго кшталту мостам, які злучае мінулае і будучыню, дазваляючы перажыць тыя падзеі, што, на шчасце, ужо сталі гісторыяй.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіць I Мінскі міжнародны фэст лічбавага мастацтва “Terra Nova”. Дзейнічае выстаўка камп’ютэрнай графікі і лічбавага фота, наладжаны прагляд твораў відэа-арта, кароткаметражных фільмаў, рэкламных ролікаў, лічбавай анімацыі, відэакліпаў. Працуе таксама тэматычная кніжная выстаўка “Сакрэты лічбавага мастацтва”.
Выканаўчым прадзюсерам Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2010” у Мінску на два гады стаў намеснік старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандр Мартыненка. А вось да дзіцячага “Еўрабачання-2009” застаўся літаральна месяц.