Касманаўт з вёскі Белае
У 1979 годзе я зняў тэлефільм "Хлопец з вёскі Белае" пра нашага земляка Уладзіміра Кавалёнка (ён тады толькі вярнуўся пасля амаль пяцімесячнага прабывання ў космасе). У снежні стужка атрымала адну з галоўных узнагарод Усесаюзнага фестывалю тэлевізійных фільмаў. На грашовы "дадатак" да прыза мы з аператарам накрылі шыкоўны стол у тагачасным рэстаране "Беларусь", куды з паплечнікамі прыбыў і галоўны герой карціны. "Дваццаць гадоў пасля" - дакладна, як у Дзюма, - у 2001-м з'явіўся фільм "Камандзір з вёскі Белае". Кавалёнак тады камандаваў Ваенна-інжынернай акадэміяй імя Жукоўскага. І вось цяпер, яшчэ "дзесяць гадоў пасля" (ізноў усё, як у Дзюма!), здымаю новую стужку з тым жа героем. - Як назавеш? - запытаўся Уладзімір Васільевіч. - "Пенсіянер з вёскі Белае", - адказваю, смеючыся. Але пасля нязгоды і жартаўлівага абурэння касманаўта раскрываю тэму: - "Беларускі след у космасе". - Валодзя, я ў космасе не "слядзіў", а працаваў! Разам вырашылі, што размова ў заключнай частцы трылогіі пойдзе пра Беларускі Космас: рапарты, адваротны бок палётаў, гісторыю іх. І, канешне ж, пра таго, каго называю - Касманаўт з вёскі Белае
Далей