На людным месцы № 13 / 1504 за 2021-03-27
Час зямных анёлаў
Кажуць, падчас Другой сусветнай вайны Чэрчылю прынеслі на разгляд бюджэт краіны. Ён пагартаў дакумент і запытаўся: “А дзе выдаткі на культуру?” “Дык вайна ж ідзе, якая культура!” — адказалі памочнікі. Чэрчыль раз’юшыўся: “Калі няма культуры, дык навошта мы тады ваюем!” Выснова наступная. Самадастатковасць дзяржавы — у самадастатковасці яе нацыянальнай культуры. І нашы клубнікі, музейшчыкі ды бібліятэкары ніколі не павінны на гэта забывацца. Яны і не забываюцца збольшага. Прынамсі, у нашых пазаштатных аўтараў заўжды ёсць пра што распавесці.
Далей
|
№ 12 / 1503 за 2021-03-20
У вёску — на дзядзькаванне!
У чарговы раз задаю сабе пытанне: “За што вёску люблю?” І знаходжу чарговы адказ: “За максімальную набліжанасць формы да зместу, тэорыі — да практыкі!” Тлумачу. Зразумець у горадзе, што такое прыродная прыгажосць, зможа хіба толькі адчайны прыхільнік урбанізацыі. А ў вёсцы, каб адчуць сябе часткай навакольнай разняволенай раскошы дастаткова акенца адчыніць. А можна зрабіць колькі крокаў у канец цётчынага гародчыка і паразмаўляць з бабром, заклапочаным уладкаваннем хаткі ў тутэйшым ручаі. Ці ўвосень прапаўзці метраў сто — і ўбачыць ля балотца шумную бусліную канферэнцыю перад адлётам у вырай. А ёсць яшчэ зусім іншы, медыцынскі, так бы мовіць, аспект. Для нечакана разбітага на сцежцы калена ў горадзе аптэку трэба шукаць, а ў вёсцы варта толькі нагнуцца і сарваць падарожнік (трыпутнік) ды прыкласці яго да раны. У больш сур’ёзных сітуацыях эфектыўна дапаможа серпарэзнік (крываўнік). Прыклады вясковай самадастатковасці можна доўжыць бясконца.
Далей
|
№ 11 / 1502 за 2021-03-13
Хіт-парад сямейных рэліквій
Што трэба зрабіць, каб беларуская кніга стала сапраўды роднай? Пытанне яшчэ тое. У пошуках адказу трэба, напэўна, не адзін тыдзень думаць, не адзін год працаваць. І школьную праграму (гэта я як колішні настаўнік сцвярджаю) варта якасна перагледзець, каб выкладалася наша літаратура ў кантэксце сусветнай. Тады, прынамсі, стане зразумелым, што змянілася на зямлі пасля асветніцтва Скарыны, сэнсашукання Быкава і філасофскіх разваг Танка. У адваротным выпадку ўчарашні школьнік так і пранясе праз усё жыццё перакананне, што Купала — гарадскі і шляхецкі, а Колас — вясковы ды прыземлены. Дык вось, каб больш дэталёва разглядаўся ў школе “Сымон-музыка”, дык і думкі такой у вучняў не ўзнікла б. Натуральна, адказнасць на беларускіх выкладчыках — неймаверная. А на бібліятэкарах — не меншая.
Далей
|
№ 10 / 1501 за 2021-03-06
Карпарацыя жонак на блінным карагодзе
Тыдзень таму пісаў ужо, што пра нашу мову гатовы распавядаць цягам усяго жыцця. У тым сэнсе, што памятаць пра яе варта не толькі ў Дзень роднай мовы. І не мной сказана, што мова — з’ява настолькі самадастатковая, што сама ўжо можа выбіраць сваіх носьбітаў. Ці адпавядаем мы высокім патрабаванням, ці думаем, пішам, гаворым і марым па-беларуску? Калі імкнемся да гэтага, то ўсё ў нас атрымаецца.
Кажуць, што філасофія пачынаецца са здзіўлення. Мова ж, я перакананы, пачынаецца з радасці ўсведамлення, што ты не проста сын Беларусі, а яшчэ і ўпэўнены працяг яе. І такімі будуць дзеці ды ўнукі… У сённяшняй пошце шмат лістоў пра родную мову. І гэта ўсяляе надзею. Тым больш,
што на вуліцы — ужо вясна.
Далей
|
№ 9 / 1500 за 2021-02-27
Як мама гаварыла
Апошнімі днямі ў гонар Дня роднай мовы шмат хто спяваў беларускія песні. Добрая песня ўвогуле — малітва. Лічу, што спачатку былі слова — малітва — песня. А потым усё астатняе. А жыта вырасцілі прыпевам да нацыянальнага духу. У адваротным выпадку каравай атрымаўся б не такім духмяным. Інакш кажучы, мова — сутнасная аснова нацыі. І яе Дзень варта пераўтварыць у Жыццё.
Далей
|
№ 8 / 1499 за 2021-02-20
15 варыянтаў творчасці
Кажуць, жыццё развіваецца па спіралі. Вельмі хочацца ў гэта верыць. Як і ў тое, што рэгіянальная культура пойдзе далей і вернецца ў сваёй эвалюцыі да тых часін, калі заможныя гаспадаркі зноў возьмуць
на баланс музычныя школы, клубы, будуць выплачваць заробак настаўнікам ДШМ і грашовую надбаўку ўдзельнікам самадзейнасці, возьмуць на сябе абавязак па кампенсацыі камандзіровачных выдаткаў для творчых калектываў і наладжванні брэндавых фестываляў. Помнікамі тым часінам застаюцца двухпавярховыя будыніны, дзе хапала месца для адміністрацыі сельскагаспадарчых арганізацый і сельсаветаў, дзе працавалі пошта, ФАП, клуб, бібліятэка, музычная школа. Не, я не за вяртанне СССР, я за тое, каб сельгаспрадпрыемствы не станавіліся банкрутамі, каб не паміралі вёскі, я — за вяртанне гонару ад таго, што ў дбайнага гаспадара — дбайныя хлебаробы і жывёлаводы, якія маюць талент не толькі нарошчваць эканоміку, але і ўмацоўваць традыцыю спеўнасці, суладнасці памкненняў ды дзеянняў. Я за тое, каб у нашай прыгожай неабсяжнай Беларусі запальвалася святло ва ўсіх без выключэння вокнах памянёных гмахаў, якія яшчэ можна адрадзіць. Колькасць вырашчанага хлеба і колькасць творчых гуртоў — паняцці раўназначныя і ўзаемазалежныя.
Далей
|
№ 7 / 1498 за 2021-02-13
Калі субота — смачная
Днямі шукаў на сваіх паліцах кніжку “Век крыміналістыкі”. Адразу знайсці не атрымалася. Пакуль корпаўся, паспеў падзяліць усіх людзей (па ступені стаўлення да чытання) вось на якія групы. Адны ўвогуле не маюць ва ўласнасці кніг. Другія расстаўляюць іх у сваіх шафах па колеры. Трэція ці не моляцца на сабраную гадамі калекцыю. А яшчэ адны любяць пазычаць і не аддаваць. Думаў яшчэ пра тое, што даўно трэба зрабіць прыстойныя паліцы, каб не стаялі на іх кнігі, як той казаў, у тры рэдзі. А яшчэ згадваў мімаволі, колькі выданняў за доўгі век мне так і не вярнулі. Асноўны спіс скрадзенага атрымаўся такі: “Малдаўскія казкі” пра адмыслоўца Фэт Фрумоса, “Вайна каля Цітавай копанкі” Івана Навуменкі, “Янкі пры двары караля Артура” Марка Твэна, “Брамнік рэспублікі” Льва Касіля (не сустракаў у букіністыках ніколі), паморскія аповесці Канстанціна Бадзігіна, асабліва шкада “Апошніх вершаў” і “Зацемак…” Леаніда Галубовіча. Хтосьці сказаў, што ў эпоху нечытання кніжкі красці — не грэх. Мо і так. Мо і сапраўды тое скрадзенае камусьці больш патрэбнае. А як думаеце вы?
Далей
|
№ 6 / 1497 за 2021-02-06
Цудоўныя ўзоры рэгіянальнай танкі…
На выходных прымаў у госці сяброў. Гаманілі ў тым ліку і пра псеўданімы. Зноў прыйшлі да высновы, што самы таямнічы ў пісьменніка Яўгена Скурко — Максім Танк. Нават пры жыцці Яўгена Іванавіча не далі рады высветліць, як спалучаецца летуценная філасафічная паэзія з бранябойнай магутнасцю баявой машыны.
А сапраўднае тлумачэнне можа быць такім: вельмі любіў творца нешматслоўную прыгажосць усходніх хоку і танка. У гэтую версію прыгожа ўкладаецца і “Максім”. Менавіта Багдановіч, які браў ад сусветнага мастацтва самае лепшае, ці не першым у нас стварыў цудоўныя ўзоры танкі. З таго часу і вабяць літаратара ў японскія трохрадкоўі, у якіх майстры дасягаюць сапраўдных вяршынь мастацкай эмацыйнасці.
Адным з такіх старадаўніх майстраў быў Басё. Вось як пераклаў адно з ягоных трохрадкоўяў пра хуткаплыннасць жыцця Алесь Разанаў: “О, як я зайздрошчу ёй:/у гарах/ сакура закрасавала”. Сакуры на Беларусі няма. Але я адчуваю, як у сумёцістым ляску пад Мінскам збіраюць сілы, каб няўмольна пабачыць свет, падснежнікі. І няма такой сілы, якая стрымала б вясну. Трывайце, людцы, колькі ўжо той зімы!
Далей
|
№ 5 / 1497 за 2021-01-30
Цнота з гарэзіяй
Дабіраўся сёння да рэдакцыі праз туман і слоту пераменлівай зімы, якая абрыдла да мяжы. Згадаў бацькаву параду: “Калі кепска на душы, чытай пра сябе вершы, якія любіш”. Бацька разбіраўся ў жыцці. А згадалася раніцай вось што: “Праўду з няпраўдай, цноту з гарэзіяй вымешай спрытам — будзе паэзія…” Хто казаў, што дарэвалюцыйны Янка Купала — сумны?! І разумець трэба правільна, што “няпраўда” ў дадзеным выпадку — гэта не мана, а фантазія. Увогуле згаданая страфа песняроўскага верша — нібыта трапны эпіграф да дзейнасці сумленнага работніка культуры. Так! Любая якасная праца — гэта палымяная паэзія. А творчасць — сінтэз цноты і гарэзіі, фантазіі і рэальнасці. Гаворку пра “паэзію” і “паэтаў” наша газета вяла, вядзе і будзе весці. У тым ліку і падчас аглядаў рэдакцыйнай пошты.
Далей
|
Назад
|
Цікавосткі: варта прачытаць! Гісторыя і лёсы: культура Беларусі ад мінулага да сучаснасці
|