На людным месцы № 22 / 1513 за 2021-05-29
Упрыкуску, упрыглядку і наўздагон
Цікавая рэч: з цягам часу духоўнае паняцце “радзіма” набывала для мяне ўсё большую геаграфічную прастору. Спачатку радзіма абмяжоўвалася родным веткаўскім завулкам. Гадоў да сямі. Тут я гуляў у футбол з суседскімі хлопцамі і дзяўчатамі, тут зразумеў, што такое сяброўства, здрада, і нават — якімі душэўнымі выдаткамі абарочваецца першае каханне. Потым было “дзядзькаванне” ў матчынай Купрэеўцы. Вясковае вакацыйнае “выгнанне” давалася няпроста. Увечары я выбягаў за весніцы і ўглядаўся ў той бок, дзе дыхала пыльным летам маё мястэчка. Сумаваў па радзіме. Гадоў да дзесяці. Потым былі вучоба, практыкі ці не па ўсім Савецкім Саюзе і ўпартае і непарушнае ў часе перакананне ў тым, што лепшыя мужчынскія паясы ткаліся калісьці толькі ў Беларусі, а лепшым гуртом Саюза былі толькі нашы “Песняры”. Гадоў з дваццаці. Вось так паступова я станавіўся беларусам, для якога радзімай з’яўляюцца не толькі Нясвіж, Камянец, Жылічы з Оршай, але і самая маленькая вёсачка на паўадселенай Гомельшчыне. Вось такое практычнае краязнаўства з канкрэтнай высновай: для поўнага шчасця ўсяго свету мне не трэба, хопіць адной Бацькаўшчыны. Добрай, шчырай, справядлівай.
Далей
|
№ 21 / 1512 за 2021-05-22
А ў Здраўнёве — маманты...
Пагаворым і пра мамантаў. Але спачатку пра кнігу. Прымусіць любіць чытанне немагчыма. Усяляк далучаць да гэтай справы — неабходна. Пад прымусам увогуле нічога добрага не нараджаецца. Спрэс супраціў. І сацыяльная рэклама пра асалоду чытання на сталічных вуліцах (на абласных і раённых штосьці не заўважаў), дзе кніжка адлюстравана ў выглядзе кавалка торта ці аб’екта сямейнай увагі, не надта пераконвае. Прынамсі, мяне. Гастранамічныя густы не ёсць густы духоўныя. А сямейнае чытанне мужа і жонкі — не громкая чытка адной кніжкі. Гэта справа індывідуальная. І толькі пераход колькасці ў якасць дае магчымасць сямейнікам абмяркоўваць прачытанае і даваць парады пра выбар чарговай кніжкі. Па маім меркаванні, толькі тады можна казаць пра сямейнае чытанне як пра натуральны лад эстэтычнага развіцця дзядулі, бабулі, мамы, таты і сына з дачкой… Са мной можна і трэба спрачацца. У кожнага, напэўна, свой шлях да разумення таго, што такое кніга. Але збольшага нашы перакананні павінны супадаць.
Далей
|
№ 20 / 1511 за 2021-05-15
Балючае рэха апошняй вайны
У Гальшанах пабываў у 1990-х, адразу пасля таго як перасяліўся з Веткі ў Мінск. Вандраваў тады па “новых землях” з жонкай і сынамі, дабіраў, так бы мовіць, беларушчыны. Дык вось, бясконцым гаворкам пра мясцовы прывід, што дадае начнога жаху касцёлу і манастыру пры ім, паверыў адразу. Бо адчуў, пабачыў і ледзьве прытомнасць не згубіў. Белая Панна нагадвала павеў веснавога ветрыку. Яго можна было пабачыць! Выйшаў з манастырскіх калідораў і доўга блукаў па замкавых развалінах. Мроіліся Чорны Манах, князі і рыцары.
Адна з апошніх навін — аднаўленне Паўночнай вежы Гальшанскага замка ў першародным
выглядзе, стварэнне музейнай экспазіцыі. З гэтага, напэўна, і варта пачаць.
Далей
|
№ 19 / 1510 за 2021-05-09
Багатырка ці будзёнаўка?
Маці дзяўчынкай жыла на акупаванай тэрыторыі. Слова “жыла” тут, напэўна, не да месца. Хутчэй — бедавала. Ды так, што пасля не магла глядзець фільмы пра вайну. Васіля Быкава чытала і паважала, а вось глядзець на штыкавыя атакі ды бомбавыя налёты, знятыя збольшага ў жанры прыгод, адмаўлялася катэгарычна. Я сам лічу лепшай мастацкай карцінай пра апошнюю вайну “Беларускі вакзал”. У ёй няма атак і перастрэлак, але цудоўна бачна, як Вялікая Айчынная паўплывала на лёс кожнага героя. Не, пытанне “Як ваявалі?” па-ранейшаму надзённае. Але не менш важнае — “Якім павінен быць мір пасля Перамогі, што дасталася такой крывавай цаной?” Ад шчырасці адказаў залежыць узровень выхавання нашых дзяцей.
Далей
|
№ 18 / 1509 за 2021-05-01
Кладашукальнікі, не расслабляцца!
Не адзін з маіх землякоў прызнаўся, што так і не знайшоў часу, каб наведаць музей у роднай Ветцы. Ёсць такая хвароба: непрыняцце свайго. Маўляў, калі б у Луўр ці ў Прада, дык мы навыперадкі б беглі. А ў родных мясцінах… Ну чым яны нас здзівяць, качалкамі ды прасніцамі?
Мне пашанцавала. Веткаўская рэдакцыя месцілася непадалёк ад Веткаўскага музея. І працавалі там ад пачатку і мае сябры, і мае добрыя знаёмыя — мастакі, рэстаўратары, знаўцы ікон і старадрукаў. Так што бачыўся я з імі ці не штодня. Вабілі яны дасканалым веданнем радзімы. І гэтае веданне было агучана шолахам летапісных старонак, залатым ззяннем абразоў, тканай раскошай ручнікоў, казачным арнаментам стараверскіх ліштваў і аканіц. Вось гэтым усім Ветка мяне і разбэсціла. А музейшчыкі, лічы, выхавалі чарговага веткаўца, які звёз у Мінск веру ў сілу роднага ганку.
І з таго часу, калі не бачу ў раённых музеях спецыялістаў адмысловых у дзеяннях і перакананых у словах, дык і за музеі тыя ўстановы не лічу. Балазе, у Беларусі такіх не так ужо і шмат.
Далей
|
№ 17 / 1508 за 2021-04-24
Хто там на прыпечку?
“І гэта добра, што ты цяпер больш чытаеш. Я не ведаю, што цяпер трэба чытаць дзецям твайго ўзросту. Але, мусіць, трэба табе ўжо чытаць некаторыя выданні Гогаля, Пушкіна. Яшчэ была ў нас кніжка “Гаявата” Лангфела, можа, яна табе спатрэбіцца. Парайся з мамай, што чытаць, і пытайся ў школе, якія кніжкі браць у бібліятэцы”. Гэта ліст Максіма Гарэцкага, напісаны ў 1932 годзе з вяцкай высылкі, дзесяцігадоваму сыну. Рэпрэсаваны пісьменнік дбае найперш пра духоўнае сталенне свайго Лёні. Вы адчулі напал заклапочанасці, вы заўважылі дакладнасць стылю ды пунктуацыі? Пісьменнік! А дакладней — інтэлігент у першым калене…
Свет змяніўся не ў лепшы бок тады, калі людзі перасталі адпраўляць адзін аднаму рукапісныя лісты ў канвертах з паштовай маркай. Камп’ютарная лапідарнасць усё больш схіляе да безаблічнага афіцыёзу. А душа прагне адкрытасці. І я вельмі рады, што большасць лістоў з рэдакцыйнай пошты менавіта добрыя ды шчырыя. Заўжды прыемна атрымліваць вестку ад сяброў.
Далей
|
№ 16 / 1507 за 2021-04-17
Пад вечную музыку Beatles
З чаго пачынаецца прафесіяналізм? У мяне свой адказ на гэтае пытанне. Пастаянна згадваю словы маці-настаўніцы: “Не чакай удзячнасці ад вучняў і ад родных дзяцей”. Гаворка — пра самаахвярнасць. Вы заўважылі, як рэдка мы ўжываем гэта слова? Між тым, абіраючы свой будучы статус, я ўпэўнены, мы павінны ўсведамляць, што ахвяруем часам, нервамі, урэшце — жыццём дзеля таго, каб годна прайсці наканаваны шлях. А любая ўдзячнасць збоку — рэч прыемная, але пазбаўленая аб’ектыўнасці. Свае шчыраванні мы павінны ў першую чаргу ацэньваць самі. І ў гэтым — таксама прафесіяналізм. Прыемна, што “Культуру” выпісваюць таксама прафесіяналы. І не толькі выпісваюць, але і лісты нам шлюць. Пра іх змест — і гаворка.
Далей
|
№ 15 / 1506 за 2021-04-10
Гурочкі з Нізаўской бочкі
Вясна… Гадоў колькі таму, калі з’явіліся на галінках пупышкі, выбраўся ў першую пасля абрыдлай зімы камандзіроўку. Дзесьці перад Іўем маршрутка спынілася на “перакур”. Выбраўся на нясмелае пакуль сонейка і я, пакаштаваў паветра і — адкінуў цыгарэту. Такім неймаверным водарам шыбанула вясна, што жаданне жыць падалося адзіным шчасцем у свеце. Зноў хачу ў такую камандзіроўку. І для таго яшчэ, каб пераканацца ў правільнасці слоў нядаўняй маёй тэлефоннай суразмоўцы — загадчыка сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва, якая запэўнівала, што з мабільным клубным абслугоўваннем ў яе ў раёне — ніякіх праблемаў. Праўда, па словах гэтай упэўненай жанчыны, сезон аўтаклубнага шчыравання пачынаецца з красавіка (зіма, відаць, — час адхлання). А ў асобна ўзятую вёску перасоўная ўстанова трапляе раз у год (для таго, каб перыядычнасць наведвання аддаленых паселішчаў была часцейшая, запэўнівае загадчык, да справы падключаюцца сельскія клубы, у якіх таксама ёсць зона вясковага абслугоўвання). Вось, маўляў, і атрымліваецца, што праца аўтаклуба пры пэўных умовах не вымагае асаблівых высілкаў і не мае асаблівых праблемаў. Гэтая выснова выклікае ў мяне шмат пытанняў, таму цягам года вернемся да яе яшчэ не раз. А пакуль на старонках “К” друкуецца артыкул Валянціны Валчковай з Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра пра дзейнасць аўтаклубаў вобласці (стар.11). Гаворку аўтарка вядзе і аб праблемных пытаннях. Як вядома, вырашаць іх даводзіцца толькі тым, хто сумленна працуе.
Далей
|
№ 14 / 1505 за 2021-04-03
У далонях нашай Беларусі
Сельскі клуб майго юнацтва (у мамінай вёсцы) — гэта сімвал вясковай неўміручасці, жыццярадаснасці і яснай перспектывы. Маладосць майго веку супала з маладосцю нашай вёскі.
А ў юнацтве не задумваешся пра старасць. Між тым, за 1970-мі і 1980-мі прыйшлі 1990-я і нулявыя. Наша старасць супала са старасцю нашай вёскі. Але не хачу пра сумнае.
…У сельскім клубе майго юнацтва дзверы адчынены штодня і з самага ранку. І ў час летніх ці зімніх вакацый цягам дня ад моладзі тут проста не пратаўкнуцца. Прыязджаюць сваякі з Польшчы, Канады, Амерыкі, Украіны, Расіі… Абарыгены не супраць. Гульні, танцы, гутаркі, кіно, у бібліятэку — ці не чарга. А дзядзька Мішык у сваім спрадвечным брылі не забываецца на “крыкавую” рэкламу: “Прыходзьце
ў клуб, не пашкадуеце!” Мы не шкадуем, а ён — зацікаўлены, бо ягоная жонка Маня (мая стрыечная цётка) — загадчык пашанотнай установы. І план выконваецца… Хтосьці мудры сказаў, што ўсё мінае. Аднак усё, спадзяюся, і вяртаецца…
Далей
|
·
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 .. 121
Назад
|
Цікавосткі: варта прачытаць! Гісторыя і лёсы: культура Беларусі ад мінулага да сучаснасці
|