Першая была яшчэ ў 1926-м — пры жыцці мастака, другая ў 1928-м — адразу пасля смерці Буйноўскага, а трэцюю гродзенцы пабачылі праз 85 гадоў. Гэтым разам яна носіць назву “Вяртанне”. Большасць твораў, што прадстаўлены на выстаўцы — гэта калекцыя карцін Буйноўскага, сабраная Падляшскім музеем у Беластоку.
Да нас прывезлі каля 50 работ, а самі гродзенцы выставілі яшчэ тры — з калекцыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музэя, а таксама вялікую колькасць дакументаў з мясцовых архіваў, прысвечаных Буйноўскаму.
Пра выстаўку распавядае адзін з арганізатараў мерапрыемства, дырэктар Падляшскага музея ў Беластоку Анджэй Ляхоўскі: “Зыгмунд Буйноўскі, якога яшчэ называюць Зыхам Буйноўскім, быў мастаком, які свае работы пісаў у пачатку ХХ стагоддзя. Але галоўнае пытанне, чаму мы прывезлі творы Буйноўскага ў Гродна? Адказ будзе вельмі просты: ён сябраваў з Юзафам Ядкоўскім, першым дырэктарам гродзенскага музея. Ядкоўскі набываў у Буйноўскага яго работы. А праз год пасля трагічнай смерці мастака зрабіў выстаўку ва ўласным музеі. Менавіта таму цяпер я назваў гэты праект “Зых Буйноўскі: Вяртанне”. І ён вяртаецца з трэцяй сваёй выстаўкай зусім у іншы час... Яго творчасць — глыбокая, пакідае вялікае ўражанне”.
На карцінах, што выстаўлены ў Новым замку, — гродзенскія краявіды, а таксама пейзажы Тыкоціна, у якім жыў і памёр Буйноўскі.
— Прадстаўлены тут і краявіды Падляшша, — заўважае Анджэй Ляхоўскі. — Дарэчы, самая першая выстаўка Буйноўскага, што яшчэ ў 1926 годзе адбылася ў Старым Замку Гродна, называлася “краявіды Падляшша”. Хаткі і цэрквы, дрэвы і неба з аблокамі — вось самыя вядомыя матывы творчасці Зыха Буйноўскага.
Андрэй МЯЛЕШКА
Гродна