У алічбаваным фондзе: падмурак, могільнік, кіно

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Трохвымерны кантэкст: Беларусь, Літва, Славакія
Дыгіталізацыя — гэтае слова не надта часта сустракаецца ва ўжытку і ў нас, прадстаўнікоў СМІ, і ў работнікаў сферы культуры. Тым часам, яно азначае не што іншае, як перавод інфармацыі ў лічбавую форму — працэс, надзвычай актуальны для нашых музеяў і бібліятэк. Наколькі паспяхова нашы ўстановы культуры займаюцца дыгіталізацыяй? Вядома, галоўнае — з чым параўноўваць ды на каго раўняцца. Да прыкладу, чаму б не арыентавацца на досвед па дыгіталізацыі музейных устаноў Славакіі і Літвы? Выбар краін невыпадковы: менавіта прадстаўнікі гэтых дзяржаў разам з айчыннымі спецыялістамі прынялі ўдзел у міжнародным семінары “Музеі і выклікі сучаснасці: новыя падыходы і тэхналогіі”, што нядаўна прайшоў у Інстытуце культуры Беларусі.

/i/content/pi/cult/460/9737/13-1.jpg

/i/content/pi/cult/460/9737/13-2.jpg

Дыгіталізацыя — прыватнікі

Так, па словах генеральнага дырэктара Музея Славацкага нацыянальнага паўстання Станіслава Мічава, на сённяшні дзень у яго краіне алічбавана больш за 180 тысяч музейных прадметаў, тры тысячы з якіх — дакументы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Больш за тое: у Славакіі створаны Цэнтр па дыгіталізацыі, што аб’ядноўвае высілкі ўсіх дзяржаўных музеяў краіны ў гэтым напрамку. Яго асноўная мэта: ідэнтыфікацыя прадметаў, стварэнне ўмоў інтэрнэт-доступу да візуалізаваных прадметаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны для шырокай аўдыторыі. Для чаго гэта робіцца? Вядома ж, і для магчымасці рэпрадукцыі, і для аднаўлення прадмета ў выніку пашкоджання, і для стварэння віртуальных прэзентацый.

Да слова, падобныя мэты стаяць і перад айчынным глабальным праектам — Дзяржаўным каталогам музейных фондаў. Вось толькі магчымасці адрозніваюцца. Да прыкладу, славацкі Цэнтр па дыгіталізацыі знаходзіцца не ў сталіцы краіны Браціславе, а, можна сказаць, на перыферыі — у Банскай Быстрыцы. Тым не менш, у планах установы — алічбоўка 30 працэнтаў музейнага фонду краіны.

Асобая размова — тэхнічныя сродкі для якаснай алічбоўкі. Як адзначыў Станіслаў Мічаў, у Славакіі выкарыстоўваюцца і сучасныя бескантактныя сканеры (у адрозненні ад большасці музеяў нашай краіны, дзе для гэтых мэт ужываюць звычайныя аматарскія фотаапараты з, адпаведна, не лепшай якасцю), і апараты трохвымернай фіксацыі, у тым ліку з метадам аб’ектнай панарамы, калі прадмет у час руху па коле скануецца пры адной наладцы святла з розных ракурсаў. Пры гэтым колькасць здымкаў можа дасягаць некалькіх соцень. Дэталізацыя фота настолькі вялікая, што нават яго маленькі фрагмент можна павялічваць і размяшчаць на вялікіх плакатах без страты якасці.

Зразумела, для Славакіі набыццё ды выкарыстанне такой тэхнікі — справа вельмі дарагая, таму значны пласт працы па дэгіталізацыі музейных калекцый выконваюць прыватныя кампаніі.

Яшчэ адзін важны момант паспяховага існавання славацкіх музеяў — цэнтралізаваная праца. І гэта датычыцца не толькі дыгіталізацыі, але і стварэння агульных для некалькіх музеяў дэпазітарыяў — фондасховішчаў. Такім чынам атрымліваецца значная эканомія сродкаў і павышаецца ўзровень аховы музейных прадметаў.

Што можа фара?

Выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі ў музейнай справе ды ахове спадчыны і ў Літве. Так, па словах Лаўжыкаса Рымвідаса, загадчыка кафедры музеязнаўства Вільнюскага ўніверсітэта, вельмі перспектыўнай тэхналогіяй як для навуковых мэт, так і для папулярызацыі культуры наогул з’яўляецца выкарыстанне трохвымернага сканавання артэфактаў гісторыі. Для гэтага ствараюцца трохвымерныя фотаапараты, якія яшчэ колькі гадоў таму ўжываліся толькі ў ваенным сектары.

Акрамя таго, зараз з’явілася магчымасць рабіць здымкі велізарных па плошчы аб’ектаў. Да прыкладу, летась у Літве быў адсканаваны курганны могільнік плошчай у 10 гектараў. Такім жа чынам выяўлены падмуркі фундамента касцёла Радзівілаў у Дубінге. Ізноў жа, паслугі трохвымернага сканавання сёння ў Літве прапаноўваюць некалькі прыватных фірм.

Вельмі перспектыўным бачыцца Лаўжыкасу Рымвідасу і выкарыстанне геарадараў, якія ўпершыню былі апрабаваны ў Літве ў 1994 годзе пад час раскопак у Троках. Гэтая прылада вельмі карысная ў тым выпадку, калі даследчык ведае, што дзесьці на тэрыторыі ў 10 гектараў знаходзяцца падмуркі аб’екта.

Зараз у літоўскіх музеяў з’явілася магчымасць і фара-сканавання. Некаторыя ўстановы ўжо маюць унікальны па форме апарат, які нагадвае сустаў рукі чалавека. Ён можа сканаваць цяжкадаступныя фрагменты таго або іншага прадмета. Лаўжыкас Рымвідас перакананы, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць рабіць яшчэ нядаўна неверагодныя рэчы. Да прыкладу, тое ж трохвымернае сканаванне можна ажыццяўляць з дапамогай звычайнай лічбавай фотакамеры — дастаткова ўмець правільна ёй карыстацца і апрацаваць здымкі ў адпаведнай праграме, якая знаходзіцца ў вольным доступе ў Інтэрнэце.

Нягледзячы на ўсе тэхнічныя ноу-хау, прафесар з Літвы мяркуе, што сёння надзвычай важна, каб музей функцыянаваў як выставачная пляцоўка і клуб, а не як статычная ўстанова.

Два тэрабайты і смартфоны

Не сорамна за вынікі па дыгіталізацыі культурнай спадчыны і беларусам. Прынамсі, як адзначыў дырэктар Інстытута культуры Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства Канстанцін Рэмішэўскі, цягам апошніх трох гадоў атрымалася перавесці ў “лічбу” велізарны пласт айчыннай культуры, у прыватнасці — беларускую савецкую дакументалістыку, кіналетапісы. У выніку створана калекцыя, якая складаецца з 600 хранікальна-дакументальных артэфактаў, знятых з 1927 па 2010 год. Усе стужкі адлюстроўваюць толькі адну тэму — сацыяльна-культурнае развіццё Беларусі. Калі ж звярнуцца да лічбаў, то агульны аб’ём апрацаванага матэрыялу складае 2 тэрабайты, або 168 гадзін, разбітых на 20 храналагічных і 11 тэматычных раздзелаў. Вялікая праца была праведзена і па атрыбуцыі стужак, вырашана пытанне аўтарскага права. Так, для навукова-адукацыйных мэт можна карыстацца апрацаванымі матэрыяламі абсалютна бясплатна.

Не стаяць убаку ад прагрэсу і музеі нашай краіны. Па словах намесніка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Аляксандра Храмога, да Новага года ў НГМ будзе запушчана сістэма аўдыягідаў на аснове QR-кода. Наведвальнік музея зможа загадзя падабраць экскурсію ў зручны для яго час. На думку спікера, акрамя QR-кодаў, варта выкарыстоўваць перадавую тэхналогію  “trigger zone”. Дзякуючы тэхналогіі на інтэрактыўнай карце горада можна нанесці абазначэнні музейных аб’ектаў, задзейнічаць папулярныя ў турыстаў маршруты па гістарычнай частцы. Задумваецца Нацыянальны гістарычны і пра стварэнне музейных праграм для мабільных тэлефонаў, у выніку пад час самастойных экскурсій смартфонам можна будзе карыстацца як пультам.

Хто ведае, магчыма, праз якое дзесяцігоддзе дзякуючы разнастайным тэхнічным ноу-хау да нашых музеяў чэргі будуць выстройвацца не толькі пад час правядзення Ночы музеяў, але і кожны дзень.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"