Цэгла з Юрскага перыяду танней за замежную

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Столінскі рэцэпт імпартазамяшчэння: мінус два еўра ад кошту цагліны для рэстаўрацыі
Імпартазамяшчэнне — тэма ў беларускай эканоміцы не новая, але ад гэтага не менш злабадзённая. Што і казаць, навошта пераплачваць замежным вытворцам, калі можна і ў сваёй краіне зрабіць якасны і канкурэнтаздольны прадукт. Гэта датычыцца як пральных машын ды іншай бытавой тэхнікі, так і музычных інструментаў, спецыялізаванага абсталявання для ўстаноў культуры, рэстаўрацыйных матэрыялаў для аднаўлення помнікаў нашай спадчыны.З апошняй катэгорыяй у пераліку неабходных у імпартазамяшчэнні тавараў да апошняга часу сітуацыя была патавая: набываць за мяжой тыя ж цагліны, зробленыя па аўтэнтычных тэхналогіях, па дзясятку еўра за кожную не дазваляў бюджэт. Выкарыстоўваць жа айчынныя сучасныя вырабы для такой адказнай справы як рэстаўрацыя ўнікальных помнікаў архітэктуры ў большасці выпадкаў не дазваляла сумленне і здаровы сэнс.

/i/content/pi/cult/458/9690/10-2.jpg

/i/content/pi/cult/458/9690/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/458/9690/10-4.jpg

/i/content/pi/cult/458/9690/10-3.jpg /i/content/pi/cult/458/9690/10-5.jpg

Выправіць сітуацыю паспрабавалі на Гарынскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў, які нядаўна наладзіў вытворчасць рэстаўрацыйнай цэглы, што вылучаецца не толькі адмысловай формай, але і можа захоўваць свае ўласцівасці стагоддзямі. Што з гэтага атрымалася, высветліў карэспандэнт “К”, які на свае вочы пазнаёміўся з працаёмкім працэсам выпуску прадукту, запатрабаванага на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны краіны.

Дабрацца да прадпрыемства, якое знаходзіцца ў пасёлку Рэчыца досыць проста — са Століна туды пралягае гарадскі аўтобусны маршрут. Ад канцавога прыпынку — якія тры крокі да галаўнога будынку прадпрыемства, дзе і адбылася гаворка з намеснікам дырэктара па маркетынгу Гарынскага камбіната Валерыем Ястрэмскім.

Эканомія ў еўра

Як аказалася, пытанне арганізацыі вытворчасці на прадпрыемстве керамічнай рэстаўрацыйнай цэглы, па словах Валерыя Леанідавіча, абмяркоўвалася цягам апошніх двух гадоў. Першая ж партыя ўнікальнага для айчыннай вытворчасці прадукту выйшла з канвеера ўсяго два з паловай месяцы таму.

Калі казаць пра адрозненні ад вытворчасці звычайнай цэглы, то, найперш, яна вылучаецца нестандартнымі, павялічанымі памерамі. Так, вага адной такой цагліны складае 6670 грамаў, а яе памеры — 273 х 128 х 90 мм. І гэта пры тым, што тэхналагічная лінія прыстасавана пад вытворчасць прадукта стандартных памераў. У выніку, давялося пайсці на рызыкоўны крок: шмат што самастойна дарабляць і мяняць абсталяванне. Самае ж галоўнае — ствараць зусім іншы рэжым абпальвання і сушкі. Таму цягам некалькіх месяцаў супрацоўнікі камбіната праводзілі навуковыя эксперыменты.

...Як адзначыў намеснік дырэктара камбіната, шмат працы даводзілася рабіць уручную, бо паколькі тэхналагічная лінія цалкам аўтаматызаваная, то замена праграмы пацягнула б велізарныя выдаткі. Такім чынам, на пачатку брак пры вытворчасці рэстаўрацыйнай цэглы перавышаў 50 — 70 працэнтаў. Дзякуючы высілкам спецыялістаў гэты паказчык істотна знізіўся, але ўсё адно не наблізіўся да нуля. Каб поўнасцю пазбавіцца бракаванай прадукцыі, неабходна цалкам перапрафіляваць камбінат. Але на сённяшні дзень гэтага дасягнуць нерэальна. Не тыя рынкі збыту.

Напэўна, значна прасцей было б падключыць да наладкі вытворчасці спецыялістаў з той жа Польшчы ці Літвы, дзе рэстаўрацыйныя матэрыялы выпускаюць не адно дзясяцігоддзе. Аднак, па словах Валерыя Ястрэмскага, улічваючы змаганне за рынкі збыту, ніхто з канкурэнтаў не выявіў жаданне дапамагчы.

Гэтаксама на прадпрыемстве не пайшлі на кардынальны эксперымент — сушку рэстаўрацыйнай цэглы ў прыродных умовах, пад павеццю (ва ўсім свеце —лепшы варыянт для вырабу аналагічнай прадукцыі). Не было для гэтага адпаведнай тэрыторыі, іншых умоў.

Калі ж казаць пра аб’ёмы вырабленай прадукцыі, то на сённяшні дзень выпушчана больш за 43 тысячы цаглін, якімі неўзабаве будуць умацоўвацца сцены айчынных старадаўніх замкаў ды палацаў. У прыватнасці, з “Белрэстаўрацыяй” падпісана дамова на адгрузку цэглы на Навагрудскі замак. Да канца гэтага года плануецца туды накіраваць дваццаць тысяч цаглін, пры тым, што першапачаткова сёлета планавалася вырабіць больш за 72 тысячы адзінак. Да слова, на наступны год ідуць перамовы пра выраб 500 тысяч цаглін.

Колькі ж каштуе такое задавальненне? Адразу можна сказаць, нятанна. Так, калі вытворчасць звычайнай цэглы ад фармоўкі да выгрузкі з печы займае 10 дзён, то рэстаўрацыйнай — у паўтары разы болей. Адсюль і больш высокія кошты ў параўнанні са звычайнай цэглай. Тым не менш, айчынны аналаг рэстаўрацыйнай прадукцыі танней за польскі ў два разы. Як вынік, эканомія з кожнай цагліны складае 2 еўра.

Тэсты на “вынослівасць”

Але ад тэорыі — да практыкі. Начальнік аддзела тэхнічнага кантролю Тамара Пратасавіцкая паказала працэс стварэння цэглы ад апрацоўкі гліны і яе фармоўкі да абпальвання і сушкі. Апошні этап на сабе адчула фотакамера, аб’ектыў якой літаральна за некалькі секунд запацеў ад вялікай вільготнасці. Не менш цікава было наведаць і адмысловую лабараторыю прадпрыемства, дзе цэгла праходзіць шэраг тэстаў, у тым ліку на трываласць у гідраўлічным прэсе. Гэтае абсталяванне дазваляе сертыфікаваць розныя віды прадукцыі.

Адразу здзівіла малая колькасць рабочых. Як патлумачыла Тамара Пратасавіцкая, з устаноўкай лініі нямецкай фірмы кіраванне тэхналагічным працэсам стала максімальна аўтаматызаваным, у тым ліку — з дапамогай сучасных камп’ютараў.

Раскрыла Тамара Леанідаўна і адзін з сакрэтаў вырабу якаснай цэглы. Аказваецца, у яе склад дабаўляецца ў пэўных прапорцыях гранітны кампанент. Да таго ж, каб атрымалася добрая цагліна, сфармаваную гліну неабходна абпаліць пры тэмпературы не менш за 900 градусаў.

І ўсё ж ці не самы галоўны фактар поспеху вытворчасці рэстаўрацыйнай прадукцыі Гарынскага камбіната ў галоўным кампаненце — гліне. На камбінаце выкарыстоўваецца гліна старажытнага юрскага перыяду, аналагаў якой няма ў краіне. Такая цэгла захоўвае свае функцыі некалькі стагоддзяў і па марозаўстойлівасці можа смела канкурыраваць з еўрапейскімі аналагамі. А наяўнасць двух унікальных радовішчаў — Гараднога і Тураўскага — дае магчымасць вырабляць будаўнічыя матэрыялы двух натуральных арыгінальных колераў — чырвонага і жоўта-саломеннага без дадання фарбавальнікаў.

Каб пераканацца ў гэтым, а таксама пацвердзіць легенду, што цэглу выраблялі на Століншчыне адмысловым чынам ледзь не ў кожным сялянскім двары, давялося наведаць сталіцу ганчарства — вёску Гарадная.

Атракцыя ў памежжы

Працягласць шляху са Століна да Гарадной складае пару дзясяткаў кіламетраў. А вось пераадолець яго, мякка кажучы, не вельмі проста. Асфальтаваная дарога, месцамі разбітая кар’ернымі самазваламі ўшчэнт, з рытвінамі і калдобінамі не дазваляе не тое што разагнаць легкавік, але і быць упэўненым у захаванасці пасля падарожжа падвескі.

І калі рытвіны на дарозе і не адаб’юць ахвоту ў патэнцыйных турыстаў наведаць вёску, то яе статус — цалкам верагодна. Справа ў тым, што Гарадная знаходзіцца ў памежнай зоне, а таму нават ганчарам — удзельнікам штогадовых фестываляў і пленэраў даводзіцца афармляць стос дакументаў. І калі запрошаным гасцям дапамагаюць з паперамі мясцовыя работнікі культуры, то хто будзе апекавацца арміяй турыстаў, на якую спадзяюцца ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі? Відавочна, пытанне гэтае павінны вырашаць супольна розныя ведамствы і, прыняўшы зручнае і для супрацоўнікаў памежнай заставы, і для гасцей ганчарнай Меккі рашэнне.

З гэтай думкай прыязджаем разам з начальнікам аддзела Васілём Зарубам акурат да Цэнтра ганчарства. Там нас ужо чакае яго дырэктар Алімпіяда Леанавец, якая ўзначальвае ўстанову з часу яе стварэння ў 2003 годзе. Хто як не яна ведае пра мясцовую гліну і вырабы з яе літаральна ўсяго. Пад час невялікай экскурсіі Алімпіяда Дзмітрыеўна не расчароўвае чаканні і паказвае аўтэнтычную драўляную рамку для вырабу цэглы, якой карысталіся мясцовыя гаспадары яшчэ якіх паўстагоддзя таму, а таксама адмысловую прыладу для вымання цаглін з рамак для іх сушкі. Што і казаць, варштат просты, аднак, да дробязей прадуманы. Як і сакрэт добрай цэглы: выкарыстанне мясцовай гліны. Праўда, як высветлілася пазней у працэсе гутаркі з краязнаўцам, супрацоўнікам Столінскага раённага краязнаўчага музея Аляксеем Вярэнічам, у гэтай мясцовасці найбольш пашырана была іншая мадыфікацыя цэглы — саман: гліна ў вялікіх ёмістасцях перамешвалася з саломай (да гэтага працаёмкага працэсу далучалі коней), фармавалася ў адмысловых рамках і без абпальвання сушылася пад навесам. У выніку з такой цэглы атрымліваліся экалагічныя і надзвычай трывалыя будынкі.

Да слова, пасля Вялікай Айчыннай вайны вырабам такой цэглы займаліся многія жыхары Гарадной і суседніх вёсак. Пасля ж прадукцыю народных рамеснікаў выцеснілі цагельныя заводы. Толькі вакол Століна налічвалася пяць такіх камбінатаў. Але і яны, за выключэннем Гарынскага, не вытрымалі канкурэнцыю з боку заводаў, што выпускаюць будаўнічыя блокі і панэлі — больш танныя і зручныя для ўзвядзення масавага жылля, аднак і значна менш экалагічныя. Хто ведае, магчыма ў недалёкай перспектыве ў святле папулярнасці экалагічнай прадукцыі выкарыстанне саману ператворыцца з напаўзабытай традыцыі ў прыбытковае рамяство. Балазе, сёння ў суседняй Польшчы майстры гэтай тэхналогіі — на вагу золата.

Але вернемся ў Цэнтр ганчарства. Як-ніяк, калі выраб цэглы носіць утылітарны, вытворчы характар, то праца ўласна ганчароў — мастацкі і дэкаратыўна-ужытковы.

Як заахвоціць ганчара?

У дзень нашага прыезду ў зале за ганчарным колам працаваў не шматразовы лаўрэат конкурсаў, не знакаміты майстра, а мясцовая адзінаццацігадовая школьніца Кацярына Літвінчык, якая ўжо некалькі гадоў паспяхова авалодвае майстэрствам ганчарнага рамяства. Пасля заняткаў яна ці не штодня спяшаецца ў Цэнтр — эксперыментаваць, набываць аўтарскі почырк. На жаль, Кацярына — хутчэй выключэнне з правілаў. Апошнім часам у Гарадной усё менш дзяцей займаецца на пастаяннай аснове ганчарствам. І справа, як аказалася, не ў жаданні падлеткаў (улетку ад іх адбою няма!), а ў пазіцыі мясцовай школы, а мо і раённага аддзела адукацыі. Маўляў, кожны вучань мусіць пасля заняткаў прысутнічаць на абавязкова-дабраахвотных факультатыўных занятках. Калі ж тады яму ісці ў Цэнтр ганчарства? Пытанне гэта, па меркаванні Алімпіяды Дзмітрыеўны, актуальнае. Думаецца, можна было б знайсці нейкае кампраміснае рашэнне, і для найбольш здольных школьнікаў замяніць тое ж працоўнае навучанне на заняткі па ганчарным майстэрстве.

Важна на мясцовым узроўні задумацца і над пытаннем, як заахвоціць моладзь пасля заканчэння школы ды ВНУ ці каледжа вяртацца назад ды на прафесійным узроўні займацца народнымі рамёствамі. Цяпер жа тэндэнцыя такая: чалавек доўгі час працуе на нейкім прадпрыемстве і толькі з выхадам на пенсію аддаецца любімай справе. Як змяніць гэты стан рэчаў? Хаця б арганізаваць на пастаяннай аснове продаж прадукцыі народных майстроў.

Па словах Васіля Зарубы, пакуль тое-сёе з вялікага асартыменту “народнай прадукцыі” можна знайсці ў асобных крамах Століна. Зразумела, камерцыйныя крамы не могуць вылучыць вялікія плошчы для вырабаў майстроў. А таму неўзабаве ў старадаўнім манькавіцкім парку, побач з раённым музеем у будынку XIX ст. паўстане выставачная зала, дзе можна будзе не толькі набыць прадстаўленыя там рэчы, але і заказаць іх у майстра.

Турыстычны цэнтр —з былога СДК

Плануецца ў бліжэйшы час павялічыць і плошчы Цэнтра ганчарства ў Гарадной — за кошт мясцовай бібліятэкі, якая мусіць пераехаць у іншы будынак. Акрамя таго, вялікія змены чакаюцца і ў суседняй Сядзібе ганчара. Філіял Столінскага раённага краязнаўчага музея месціцца ў сялянскай хаце, якая калісьці належыла ганчару. Ужо ўлетку плануецца, што кожны наведвальнік зможа пабачыць, як жыў і працаваў гараднянскі глінамес  — гэта пакажа сапраўдны ганчар, і кожны турыст здолее не толькі паглядзець, як працуе майстар, але і паспрабаваць свае здольнасці ў такой справе.

Васіль Заруба мяркуе далучыць да задумы цікаўную і неабыякавую да народных традыцый моладзь, у тым ліку Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Балазе, месца перад музеем-сядзібай хопіць, каб паставіць не адну палатку. Да таго ж, і ў самой сядзібе не так даўно з’явіўся гасцявы пакойчык, запатрабаваны заезджымі ганчарамі. Калі ж працягваць жыллёвую тэму, то варта адзначыць колькі ідэй кіраўніка культурнай сферы раёна. Да прыкладу, Васіль Заруба разглядае магчымасць перарабіць частку школьных памяшканняў, якія цяпер не выкарыстоўваюцца, у жылыя памяшканні з асобным уваходам, неабходнымі камунікацыямі. Зацікавіла яго і магчымасць перапрафіляваць будынкі зачыненых сельскіх устаноў культуры ў гісторыка-культурныя турыстычныя цэнтры, па ўзоры з аналагічным аб’ектам ў вёсцы Івесь Глыбоцкага раёна.

Але і цяпер Цэнтр ганчарства можа пахвастацца сучаснай тэхнікай, у тым ліку мотаблокам, газонакасілкай, бензапілой і нават скутэрам. Усё гэта, як і кам’ютарнае абсталяванне, было набыта за грошы міжнароднага гранту. Па словах Аляксея Вярэніча, усяго было напісана тры праекты, па двух з іх Цэнтр і атрымаў фінансаванне. Цяпер жа маецца задумка арганізаваць грамадскае аб’яднанне краязнаўчага профілю, якое б магло не толькі займацца вывучэннем гістарычнай спадчыны раёна, а і таксама распрацоўваць разнастайныя праекты з прыцягненнем грантаўскіх сродкаў.

Вяселле з ганчарнай атрыбутыкай

Не застаецца ўбаку ад ганчарнай тэматыкі і раённы музей, які ўзначальвае Святлана Вярэніч. Цікава, што наша сустрэча адбылася не ў самім музеі, куды я завітаў адразу ж пасля наведвання Гарынскага камбіната, а ў Гарадной — дырэктарка набывала ў мясцовых жыхароў экспанаты для сваёй установы. Сярод іх, да слова, не толькі разнастайныя збанкі ды глякі, але і воз, на якім колькі дзесяцігоддзяў таму адзін з мясцовых ганчароў вазіў на кірмаш свае вырабы.

Па словах Святланы Вярэніч, апошнім часам назіраецца істотнае павелічэнне цікавасці з боку грамадскасці да народнай культуры, старадаўніх традыцый. Прыклад таму — запатрабаванасць народнага абраду вяселля, адноўленага на мясцовым матэрыяле. Варта адзначыць, што ў межах абраду маладым прапаноўваюць гліняныя вырабы з нанесенымі на іх імёнамі — ізноў-такі, вырабленыя ў Гарадной.

Тым часам, ганчарная сталіца Беларусі чакае майстроў, якія ўлетку збяруцца ў Гарадной на чарговы Міжнародны пленэр ганчароў. Будзем спадзявацца, што хаця б некаторыя агучаныя ідэі да гэтага часу ажыццявяцца.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Столінскі раён — Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"