Праблемы росту “Лістапада”

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Развітанне з фестывалем- 2013: карабель даўно ўжо ў моры, а мы ўсё пакуем багаж
Асноўны конкурс ігравога кіно ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” стаўся, на маю думку, адным з наймацнейшых у гісторыі фэсту (калі не самым моцным). Калі ўзнавіць словы першага намесніка міністра культуры краіны Уладзіміра Карачэўскага наконт таго, што знакавую дату форуму было вырашана адзначыць акцэнтам на кінапраграму, дык можна сказаць: свята, а калі быць больш дакладным, — “узрушэнне” кіно прайшло на найвышэйшым узроўні.

Між тым, юбілейны кінафорум не пазбег шэрагу арганізацыйных недахопаў, што выявілі яго праблему росту і “стан спраў”, у якім знаходзіцца айчынная кінаіндустрыя. Як высветлілася, пэўныя зрухі ў станаўленні першага немагчымыя без змен у другім.

Вядома, адной з “топавых” заўваг на адрас “Лістапада” сталася перакрыжаванне кінапраграм. Здавалася б, шараговая з‘ява для кожнага кінафестывалю, але з-за яе пацярпелі многія.

Той жа асноўны конкурс дакументальнага кіно не атрымаў значнай часткі сваіх гледачоў. Сёння, варта адзначыць, дзякуючы Мінскаму кінафоруму глядацкая цікавасць да дакументальнага кіно значна ўрасла, але годная канкурэнцыя ў выглядзе ігравых карцін — апошніх пераможцаў і ўдзельнікаў сусветных кінафорумаў — не дае гэтай тэндэнцыі як след “прагучаць”. Карэспандэнту “К” давялося трапіць на адзін з вечаровых сеансаў дакументальнай праграмы. Трэба зазначыць, што дыскусія публікі з аўтарамі пасля прагляду стужкі доўжылася да позняй ночы. Прычым выраз “позняя ноч” у дадзеным выпадку — не фігуральны: журналіст пакінуў залу кінатэатра “Мір” а палове першай, а пытанні гледачоў да стваральнікаў кіно ўсё не заканчваліся. Ці ж гэта не доказ таму, што пазіцыі дакументальнага кіно сёння змяняюцца? Што глядач сапраўды мае ў ім патрэбу? (Тут можна падкрэсліць, што сучаснае дакументальнае кіно становіцца ўсё больш відовішчным, не страчваючы ў сваёй сутнасці, — і тое вабіць гледача, які стаміўся ад часам пустых атракцыёнаў ігравога кінематографа.) І было б цалкам справядліва, на маю думку, каб дакументальнае кіно прагучала ў праграмах “Лістапада” больш гучна.

Яшчэ адзін прыклад: праблема “прыкрага супадзення” ў раскладзе. Сёлета ў рамках кінафоруму ў кінатэатры “Перамога” адбылася прэзентацыя праекта “Тузін. Немаўля”, які ўяўляе з сябе паказ класікі беларускага кіно з калекцыі Дзяржфільмафонда Расіі, у жывым музычным суправаджэнні сучасных музыкантаў. “К” давала анонс гэтай ініцыятывы арт-менеджара і журналіста Сяргея Будкіна, але рэальнасць пераўзышла ўсе чаканні. Праект атрымаўся сапраўды цудоўны: малавядомае нямое беларускае кіно, дзякуючы аўтарскай музычнай трактоўцы нашых выканаўцаў, адкрылася наноў. (Хоць можна сказаць нават і так: увогуле адкрылася.) І самае важнае — нічога не перашкаджала гэтай радасці спазнання ды ўспрымання арт-прадукту: кіно дэманстравалася на плёнцы на вялікім экране, гук не выклікаў нараканняў, — словам, гэта быў той самы выпадак, калі трэба глядзець, слухаць і атрымліваць асалоду. Але ж “у справу ўмяшаліся” тыя самыя годныя канкурэнты. У той жа самы дзень на асноўнай пляцоўцы кінафестывалю — у кінатэатры “Цэнтральны” дэманстраваліся апошнія карціны прадстаўніцы аўтарскага французскага кінематографа Клэр Дэні і філіпінскага рэжысёра-наватара Брыйянтэ Мяндосы. Паказ іх стужак таксама можна назваць у пэўным сэнсе прэм’ерамі. І што тут трэба было зрабіць гледачу? Натуральна, выбіраць. Аднак гэтага шматпакутнага выбару можна было б і пазбегнуць, калі арганізатары “развялі” б падзеі ў часе. Тым не менш, “Лістапад” тут выглядае вельмі выйгрышна: у яго праграме канкурыруюць моцныя праекты, але… Здаецца, і ў іншым раскладзе яны выглядалі б не менш прывабна ды сабралі б большую колькасць гледачоў.

Усе гэтыя прыкрыя перакрыжаванні прыводзяць да думкі, што тыдня “Лістапада” ў яго цяперашнім стане, калі фестываль ператварыўся ў сапраўдную лавіну цікавых прапаноў, становіцца замала. Для таго, каб у поўнай меры ацаніць конкурсныя і пазаконкурсныя праграмы кінафоруму, мяркую, было б больш прадуктыўна прадоўжыць яго па часе, нягледзячы на ўсе тэхнічныя цяжкасці.

Наступная праблема, якая хвалявала публіку, — гэта наяўнасць інфраструктуры для Мінскага кінафестывалю. Здаецца, у гэтым плане не існуе праблем. Кінатэатр “Цэнтральны” — вельмі ўтульная і зручная пляцоўка, каманда якой зрабіла ўсё магчымае і немагчымае для камфорту гледачоў ды гасцей кінафоруму. Іншая справа — магчымасці кінатэатра. Залы на 166 месцаў недастаткова. І з кожным годам гэта становіцца ўсё больш відавочным. Зноў-такі, з аднаго боку, гэта — сведчанне росту папулярнасці Мінскага кінафоруму, калі на яго вечаровыя сеансы білеты раскупляюць загадзя. З іншага ж, трапіць на “топавыя” паказы становіцца папраўдзе цяжка. Часткова вырашае гэтую праблему заказ білетаў праз Інтэрнэт — раней і такой паслугі не было. Аднак добра зладжанай навігацыі электроннага продажу пакуль няма. Сёлета білеты ў той жа “Цэнтральны” прадаваліся чамусьці на адным сайце, а ў іншыя кінатэатры — на іншым. І мінскаму кінаману трэба было парупіцца, каб разабрацца ў прапановах. Але ж прадуманая сістэма распаўсюджвання білетаў — актуальнае патрабаванне часу, і яе стварэнне — неабходны крок насустрач гледачу.

У цэлым, сітуацыя склалася вельмі сімптаматычная: горад марыў пра тое, каб у яго з’явіўся фестываль, якім можна было б ганарыцца, — і гэта ажыццявілася. Без перабольшання, ХХ “Лістапад” пацвердзіў, што ў нас дакладна ёсць што губляць. Запоўненыя залы галоўнай, і не толькі, пляцоўкі кінафоруму дэманструюць: мінскай публіцы цікавае фестывальнае кіно. Праблемнае, вострае, нязручнае, наватарскае, сацыяльнае, смелае, глыбокае — тое, якое рэдка ўбачыш у кінатэатрах і, тым больш, па тэлебачанні. Але пасля з’яўлення падобнага форуму высветлілася: горад не гатовы для яго правядзення… Справа тут нават не ў тым, што патрэбны новы ці стары вялікі кінатэатр, а ў тым, што “Лістапад” прапаноўвае зусім іншую культуру спажывання кіно, да якой Мінск, на жаль, не прызвычаіўся ды якой нават проста не ведае.

Не вялікі гмах кінатэтра, а шматфункцыянальны мультыплекс з колькасцю кампактных залаў. Не толькі 3D-тэхналогіі, але і магчымасць дэманстрацыі стужак на плёнцы, у лічбавым варыянце, ды, нарэшце, наяўнасць адпаведнай прасторы для субцітраў унізе экрана. (Цікавая дэталь, але той самы мультыплекс “Беларусь” падобнага месца не мае.) Усё гэта — умовы паказу таго самага Кіно, якое патрабуе трошкі іншай уключанасці гледача. Гэта кіно, што дэманструецца на вялікім экране, з добрым гукам, на мове краіны-вытворцы, і адсюль — неабходнасць прасторы для субцітраў на дзвюх мовах. Гэта кіно, якое звяртаецца да глыбінных працэсаў нашай душы, патрабуючы сумленнай работы ды суперажывання, а не звычайнага “слізгання па паверхні” ды забыцця. Адсюль — невялікія залы і дыялог з аўтарам, а не спажыванне забаўляльнага атракцыёну, для якога прызначаны вялікія гмахі савецкіх кінатэатраў, што дасталіся нам “у спадчыну”. Гэта — іншая культура нават не спажывання, а заглыблення ў кіно, якая і сапраўды дае ў адказ вельмі шмат. “Калі вы глядзіце фільм на экране ноўтбука — гэта ўжо не кіно”, — кажа Кшыштаф Занусі, і, перафразуючы яго словы, хочацца сказаць наступнае: а калі вы глядзіце “Лістапад”, не выходзячы з кватэры, — вы яго не глядзіце.

Я кажу пра тое, што звычайная змена пляцоўкі тут ужо не спрацуе. Фестываль, які мы зараз ужо ведаем, — гэта іншы ўзровень спасціжэння кіно, што нездарма вымагае адпаведных умоў  — як тэхнічных, так і ментальных. І пытанне тут у выніку нараджаецца адно: ці сапраўды горад хоча мець такі кінафорум? Ці гатовы ён сабе яго дазволіць?

Калі так, тады фестывалю неабходна адпаведная пляцоўка — з вышэйназваным наборам тэхнічных патрабаванняў. Не старая зала, трошкі прыстасаваная пад новы лічбавы пракат, а паўнавартасны фестывальны цэнтр, мультыплекс, што і прапанаваў бы гледачу той стос найцікавейшых прапаноў, на які здольны цяперашні “Лістапад”, у межах адной пляцоўкі. Гэта комплекс, здольны прадаставіць той самы якасны візуальны ўзровень успрымання кіно, і пляцоўка і форум для зносін.

Сёння мы можам заўважаць праблемы росту Мінскага кінафестывалю, адзначаць іх і разглядаць, але давайце прызнаемся шчыра: карабель даўно ўжо ў моры, а значыць — ён існуе па іншых законах. Лепш спакаваць багаж тут ужо не атрымаецца. Калі хочам мець лепшы фестываль, змен у нашай айчыннай кінаіндустрыі не пазбегнуць.

Выглядае ўтапічна? Аднак можна прачнуцца і ўбачыць карціну “шырока расплюшчанымі вачыма”. Ды і нарэшце — паверыць у кіно.

Працяг тэмы - у каментарыі з нагоды ад Ільі Свірына.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"