Чым замок цалаваць, лепей кнігу пачытаць + усе артыкулы аўтапрабегаў "К"-2013

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Міфы і рэальнасць бібліятэчнага санітарнага дня
Гэтым артыкулам мы завяршаем серыю публікацый пра вераснёўскі аўтапрабег журналістаў “К” па ўстановах культуры Магілёўшчыны і Гомельшчыны.

Такі фармат нашых выступленняў стаў не толькі традыцыйным, але і, як пераконвае чытацкі розгалас, досыць папулярным.

Аўтарскія творчыя праекты, з якімі мы пазнаёміліся на беларускіх вясковых абсягах, вартыя, па нашым перакананні, самай шырокай папулярызацыі. Стварэнне нестандартных музеяў і экспазіцый, аб’яднанне намаганняў клубаў ды бібліятэк, выкарыстанне ў якасці брэндаў жыцця і творчасці знакамітых пісьменнікаў-землякоў — усё гэта падалося надзвычай карысным ды цікавым для іншых.

Крыху крыўдна тое, што ў фінале паездкі мы сутыкнуліся з, бадай, адзіным за вандроўку парушэннем графіка працы і клуба, і сельскай бібліятэкі… Інакш кажучы, якая ж бочка мёду без лыжкі дзёгцю? Але пра ўсё — па парадку…

/i/content/pi/cult/452/9495/10-1.jpeg

/i/content/pi/cult/452/9495/10-2.jpeg

/i/content/pi/cult/452/9495/10-3.jpeg

/i/content/pi/cult/452/9495/10-4.jpeg

/i/content/pi/cult/452/9495/10-5.jpeg

А чытач — незадаволены

Працягваем знаёмства з Лельчыцкім раёнам. Вось вёска Краснабярэжжа. Чарговая ўстанова культуры ля дарогі — сельская бібліятэка-клуб. Таму карцела паглядзець, як будуецца праца ва ўстанове новага змяшанага тыпу. Пісьменнік Валерый Гапееў у мінулым нумары “К” сцвярджаў, да прыкладу, што менавіта за такім клубна-бібліятэчным сінтэзам — будучыня вясковых устаноў культуры. Але доўга затрымацца ў Краснабярэжжы не давялося. Абвестка на ўваходзе сцвярджала: работнікі — у адпачынку. Што ж, справа жыццёвая. Мо з той прычыны, што працуюць у непарыўнай звязцы, разам і ў законны адпачынак выправіліся? Па тлумачэнні скіраваліся па знаёмым маршруце: у краму праз дарогу.

— Працуюць дзяўчаты прыстойна, — распавяла з гатоўнасцю прадаўшчыца.

Рэнамэ мясцовых захавальнікаў культурных традыцый падтрымала і маладзенькая пакупніца: маўляў, іхняя ўстанова — не горшая за іншыя. Праўда, у чым канкрэтна вызначыліся вясковыя работнікі культуры апошнім часам, ніхто так і не ўзгадаў. Так што далей рушылі з пачуццём няпэўнасці.

Наступнае паселішча — вёска Сярэднія Печы. Пагадзіцеся, міма такой назвы праехаць было немагчыма. Як пазней высветлілася, печы гэтыя звязаны былі калісьці з мясцовай саматужнай вытворчасцю. Але пошукам больш дакладнай этымалогіі пашкодзіла наступная сур’ёзная акалічнасць: і клуб, і сельская бібліятэка, што месцяцца ў адзіным, даволі арыгінальным па архітэктуры драўляным будынку, аказаліся зачыненымі насуперак распарадку працы. Мы доўга чакалі пад лагодным вераснёўскім сонейкам…

Нарэшце да бібліятэчных дзвярэй пад’ехала на ровары жанчына. Падумалі, што бібліятэкарка. Аказалася — чытачка. “Пацалавала замок”, раззлавалася, буркнула нешта пра тое, што, вось, маўляў, хтосьці працуе, а хтосьці гульма гуляе, — і паехала сабе з такам.

Неўзабаве ля клубна-бібліятэчнага падворка спынілася купка хлопчыкаў. Мы запыталіся, дзе жыве кіраўніцтва зачыненай установы. Адзін з юнакоў, па шчаслівай выпадковасці, аказаўся сынам загадчыка клуба Галіны Бялоцкай і пагадзіўся яе паклікаць. Пачакалі яшчэ… А вось — і запыханая Галіна Мікалаеўна. А ўслед — і бібліятэкарка Станіслава Ярмоленка. Ва ўстановах, па словах кабет, — санітарны дзень кожную пятніцу: так вырашыла мясцовае кіраўніцтва — старшыня Сіманіцкага сельскага савета Таццяна Касцюкевіч. І загадчыца клуба Галіна Бялоцкая, і бібліятэкарка Станіслава Ярмоленка прыбіраюць падворак Доміка лесніка, які знаходзіцца на балансе мясцовага лясгаса.

Нічога не маем супраць: рашэнні ўлад неабходна выконваць. А папрок на адрас Галіны Бялоцкай і Станіславы Ярмоленка — адзіны: адсутнасць адпаведнай абвесткі на дзвярах бібліятэкі і клуба ніяк не дадаюць ім аўтарытэту. Абвесткі, дарэчы, былі імгненна выстаўлены. Але непрыемны асадак застаўся. Прынамсі, аднаго чытача бібліятэка сёння не далічылася. Тым не менш, супрацоўніца бібліятэкі Станіслава Ярмоленка запэўніла, што нават у сандзень яна паспявае і чытачоў абслужыць па папярэдняй дамове. Аднак за той час, цягам якога мы вялі гаворку з сельскімі работнікамі культуры, вяскоўцы не спяшаліся наведаць бібліятэку…

Між тым, выгляд яе, як, зрэшты, і сельскага клуба, пераконваў у тым, што прыглядвае за ўстановамі надзвычай гаспадарлівае вока. І ў якасці гаспадара выступае тут, як і мае быць, памянёная Таццяна Касцюкевіч — старшыня мясцовага сельсавета. Апошні капітальны рамонт прайшоў не так даўно. Будматэрыял не без удзелу кіраўніка сельсавета паставіў лясгас.

Менавіта апошні з’яўляецца ўладальнікам Доміка лесніка, што месціцца непадалёк ад клуба і бібліятэкі. А вось культурна-масавыя мерапрыемствы тут ладзяць сумеснымі намаганнямі. Натуральна, ільвіная доля клопату — на мясцовых работніках культуры. У тым, што мерапрыемствы тыя — якасныя, не сумняваемся. Галіна Мікалаеўна працуе ў культуры два дзясяткі гадоў, арганізавала работу чатырох гурткоў, для выканання плана па аказанні платных паслуг робіць усё магчымае: нават экскурсіі ў няблізкія Жыровічы ладзіць…

Па дарозе на Тураў падвезлі старшакласніка. Дарэчы, брэндам беларускіх вясковых дарог сёлета сталі навюткія школьныя “бусікі”, што дастаўляюць сельскую дзятву да школы і зноў дахаты ў строга вызначаны час. Дык вось, дзе толькі ні сустракалі мы тымі восеньскімі днямі тыя спрытныя “бусікі”! Яркая прыкмета паважлівага дзяржаўнага стаўлення да вясковых школьнікаў, а таму самы што ні ёсць характэрны сацыяльны брэнд сённяшняга сяла… Але вось гэты старшакласнік, што жыве на хутарку пад Туравам, дзяржаўнага транспарту не дачакаўся: у другой палове дня вырашыў дабрацца дамоў аўтастопам, каб паспець дапамагчы маці хутчэй управіцца з восеньскім агародным клопатам. Сапраўдны паляшук! Бялявы, ціхмяны, шматзначны ў сваёй затоенасці. Хоча быць юрыстам. А ў Тураў яго бацька неаднаразова вазіў: цудоўны гарадок і паглядзець ёсць на што… Мы паслухаліся парады юнага палешука ды скіраваліся на Жыткавіччыну. І вельмі хацелася верыць, што будзе хлопец юрыстам, не забудзецца на родную вёску, стане сапраўдным гаспадаром улюбёнага Палесся…

Тураўскае сола

Тураў сустрэў не толькі пранізлівым сонейкам, але і гастрольным турам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Фінберга. Шматлікія афішы на гарадскіх вуліцах, беласнежны трэйлер з найменнем калектыву пераконвалі: паяднанне двух брэндаў (усюдыіснага, у самым добрым сэнсе, Фінберга і старажытнага Турава) дае неверагодны эфект. Гарадок нагадваў філарманічную залу, дзе сваю ўзнёслую партыю вялі не толькі мінскія музыканты, але і ў сугуччы з імі — тураўскія царкоўныя купалы. І гэты чысты гук святочна лунаў над Прыпяццю…

Тураў — горад-музей. І зусім не таму, што ўстаноў культуры тут — больш, чым у Жыткавічах. Проста, постаць епіскапа і кніжніка Кірылы Тураўскага адчуваецца тут ва ўсім: у знакамітых крыжах, якія ўпарта цягнуцца да сонца; у ветранай цішы сівога замчышча, апавітага на ўзгорку хмызняком; у вытанчаных тварах мясцовых жыхароў, што даўно прасякнуліся адказнасцю за высакародную гарадскую місію ў справе адраджэння нашых спрадвечных традыцый.

Спадабалася тое, што ў Тураве няма праблем з гасцініцамі (нават параход на Прыпяці выконвае функцыю рухомага жытла) і з падсілкаваннем. Удвая прыемней і тое, што гэтая інфраструктура пастаянна пашырае сферу ўплыву: будаўніцтва ў гарадскіх межах не спыняецца.

Пакінулі аўтамабіль у цэнтры горада на паркоўцы, створанай адмыслова для турыстычнага транспарту. Усе славутасці — у крокавай даступнасці ад стаянкі.

Цэнтр Турава пераканаў: статус старажытнага горада не перашкаджае яму дынамічна развівацца. Адзін з прыкладаў — велічны праваслаўны сабор, асвечаны ўсяго некалькі месяцаў таму ў гонар святых Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх. Побач з храмам — старажытны крыж. Першая наша рэакцыя: як так, няўжо сюды перанесены той славуты крыж, што рос на могілках? Але не: як высветлілася, аб’ект шанавання тысяч паломнікаў дагэтуль знаходзіцца на сваім месцы.

Шануюцца ў Тураве і іншыя ўнікальныя старажытныя аб’екты. Знайсці іх дазваляе стацыянарная карта Інфармацыйна-турыстычнага цэнтра, а таксама ўказальнікі з надпісам “Замкавая гара” — заблукаць у Тураве не атрымаецца. Праўда, гэта больш датычыцца турыстаў з нашай краіны, а таксама Расіі і Украіны, бо ніводнага надпісу, які дубліраваўся б лацінкай, мы так і не знайшлі. Тыя ж інфармацыйныя шчыты даюць неабходную для турыста інфармацыю пра старажытнае гарадзішча і храм ХІІ стагоддзя — толькі на рускай мове.

Так ці інакш, а знайсці падмуркі старажытнага храма, якія памятаюць беларускага Златавуста, а сёння захоўваюцца ў саркафагу, можна. У гэтым мы пераканаліся, убачыўшы на аб’екце кітайскіх турыстаў, якія з захопленасцю разглядалі контуры царквы ХІІ стагоддзя.

Побач з храмам — не менш славуты помнік тураўскаму асветніку. Толькі вось убачыць велічны, бачны здалёк помнік уначы не атрымаецца: падсветка вакол скульптуры адчула на сабе ўвагу варвараў. Думаецца з гэтай нагоды, што мясцовым уладам трэба пераймаць замежны антывандальны досвед, прынамсі, змяшчаць сафіты ў адмысловыя клеткі.

Як аказалася, Тураў мае і сваю Красную плошчу, пра што мы даведаліся з шыльды на адным з драўляных дамкоў. Хай сабе там і няма маўзалеяў, але ж менавіта выхад з вуліцы (плошчай гэтую дарогу ніяк не назавеш) праз прыватны сектар вядзе да маляўнічай замкавай гары.

За сувенірам — сувенір?

На жаль, беларуская мова практычна не выкарыстоўваецца ў Тураве ў аздабленні турыстычнай інфраструктуры. А вось экалагічнай — у поўным аб’ёме. Плакаты “Чаму Тураўскі луг унікальны?” або “Куды ляцяць нашы птушкі?” размешчаны Аховай птушак Бацькаўшчыны ў самым цэнтры Турава. Аказваецца, каля старажытнага гарадзішча можна сустрэць такіх “дзіковінных” птушак, як вялікі зуёк ці ціркушка.

Хто ведае, можа, сувеніры з выявамі гэтых птушак карыстаюцца попытам у турыстаў? Адказаць на гэтае пытанне не атрымалася, бо ўбачыць прадукцыю з атрыбутыкай мясцовай прыроды мы так і не змаглі. Не лепшым чынам ідзе справа і з сувенірамі на гістарычную тэматыку. Тое-сёе можна знайсці на ўнікальным Музейным комплексе “Старажытны Тураў”, а таксама ў мясцовых крамах. Да прыкладу, у адной з іх пабачылі кубкі для гарбаты з маляванай выявай помніка Кірылу Тураўскаму. Але ці дастаткова гэтага для аднаго з перспектыўных турыстычных гарадоў краіны?

Апошні прыпынак перад ад’ездам у Мінск — Тураўскі малочны камбінат, таксама новы аб’ект на карце старажытнага горада. Сёння там выпускаюць традыцыйныя сыры, праўда, італьянскія, сярод якіх — мацарэла, маскарпонэ, рыкота… Не ўстрымаліся, каб не купіць адмысловую мацарэлу для піцы, і хай сабе з малака не чорных буйваліц, а мясцовых рагуль. Хто ведае, можа, з цягам часу тут будуць у масавым аб’ёме выпускацца і беларускія традыцыйныя сыры? Адным словам, перспектыва ў Турава — самая шырокая. Іншым мястэчкам толькі і застаецца што зайздросціць…

За тры дні нашага падарожжа якіх толькі славутасцей ды адметнасцей мы не сустрэлі! Адно з іх не магло не ўразіць сталічнага жыхара — палеская гаворка, якую мы пачулі, на жаль, толькі аднойчы: ад загадчыцы клуба ў вёсцы Сярэднія Печы. Сакавітая, мілагучная, гэтая гаворка з’яўляецца ўпрыгожаннем мясцовай культуры. І, перакананы, саромецца яе не трэба…

У Мінск вярнуліся позняй ноччу. Чатырохдзённая вандроўка па Магілёўшчыне і Гомельшчыне не тое каб стаміла. Яна пераканала: рэгіянальную культуру, нягледзячы на яе шматлікія праблемы ды недапрацоўкі, чытаць трэба, як неймаверна цікавую і агульнакарысную кнігу. Шчаслівыя адкрыцці — літаральна на кожнай старонцы. Таму чарговае “чытанне” ў фармаце аўтавандроўкі — не за гарамі...

Мінск — Магілёўская вобласць — Гомельская вобласць — Мінск

Фота аўтараў

 

Папярэднія артыкулы аўтапрабега па Магілёўшчыне і Гомельшчыне:

Частка І, Частка ІІ і Частка ІІІ.

Матэрыялы ранейшых аўтапраектаў "К" чытайце тут:

Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына;

Віцебшчына, Магілёўшчына.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"