Выстаўка — не самамэта

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

На пачатку месяца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў прайшлі міжнародныя семінары па ахове гісторыка-культурнай спадчыны з удзелам эксперта UNESCO, адказнага за Спіс сусветнай спадчыны, прафесара Крыстара Густафсана, а таксама галоўнага архітэктара Каралеўскага палаца ў Стакгольме, прафесара Андрэаса Хеймоўскага.

Семінары адбыліся пры падтрымцы Міжнароднага фонду “Культурная спадчына без межаў”, які прафінансаваў усе выдаткі на прыезд дарагіх ва ўсіх сэнсах гасцей, а таксама Беларускага камітэта Міжнароднага савета музеяў. Да слова, візіт экспертаў распачаў маштабны праект, прысвечаны рэстаўрацыі і музейнай сферы.

Па словах аднаго з ініцыятараў праекта — загадчыка аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ІКБ Алы Сташкевіч, вынікам трохгадовага праекта стане стварэнне маштабнай міжнароднай выстаўкі з сімвалічнай назвай “З варагаў у грэкі”, што мае аб’яднаць прафесіяналаў са Швецыі ды Беларусі, да якіх пазней, магчыма, далучацца іхнія калегі з Літвы і Украіны. На думку Алы Барысаўны, уласна выстаўка — не самамэта. Галоўная задача праекта — сумесная практыка прафесіяналаў. Пры гэтым, важна, што да праекта на розных стадыях будуць далучацца маладыя ініцыятыўныя спецыялісты з беларускіх музеяў, якія могуць таксама вылучаць свае прапановы. У рамках ініцыятывы плануецца ажыццявіць шмат трэнінгаў. Да прыкладу, па будаўніцтве экспазіцый, адборы выставачнага матэрыялу, прэвентыўнай кансервацыі.

Па словах Алы Сташкевіч, у рамках маштабнага праекта будзе ажыццёўлены і шэраг больш дробных. Да прыкладу, у нашу краіну з лекцыямі маюць прыязджаць замежныя прафесіяналы. Плануецца ажыццявіць пераклад і выданне асобных кніг сучасных еўрапейскіх даследчыкаў, працы якіх практычна невядомыя ў нашай краіне.

Паралельна будуць праходзіць і рэстаўрацыйныя праекты. Чакаецца аказанне дапамогі ў выратаванні старажытных драўляных збудаванняў у музеі “Бярэсце”. Так, плануюцца замежныя стажыроўкі беларускіх рэстаўратараў па дрэве, а таксама пошук сродкаў на стварэнне адмысловай музейнай мікрасістэмы. Сёлета таксама чакаецца правядзенне семінара, прысвечанага рэстаўрацыі Крэўскага замка. Пакуль жа эксперты са Швецыі наведалі славуты замак і падзяліліся сваімі думкамі.

З іх меркаваннямі можна будзе пазнаёміцца ў адным з бліжэйшых нумароў “К”.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"