Аптымізацыя дзеля заахвочвання

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Афіцыйна
"На захаванне прэстыжу прафесіі работнікаў культуры і скіравана аптымізацыя галіны", — канстатаваў на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня работнікаў культуры, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Адна з мэт аптымізацыі — магчымасць павышэння заробкаў работнікаў культуры за кошт скарачэння адзінак у штатных раскладах.

Барыс Святлоў адразу падкрэсліў, што ў адпаведным рашэнні калегіі размова ідзе пра скарачэнне штатных адзінак. “Сёння ў штаце ўстаноў культуры існуюць бюджэтныя і пазабюджэтныя адзінкі. Гаворка ў першую чаргу вядзецца пра скарачэнне бюджэтных. Акрамя таго, ёсць пэўная колькасць вакантных месцаў, якія таксама будуць падлягаць скарачэнню”, — патлумачыў ён.

Далей міністр звярнуў увагу на тое, што рэформа скіравана пераважна на скарачэнне кіруючых, а не творчых пасад. Згодна з данымі Інстытута беларускай культуры за 2012 год, кіруючы апарат складае 19% ад колькасці супрацоўнікаў галіны. “Мяркую, ёсць каго скарачаць”, — адзначыў Барыс Святлоў, дадаўшы, што само Міністэрства культуры адпаведную працэдуру аптымізацыі ўжо прайшло.

“З 1 ліпеня ведамства было скарочана на 25%, — паведаміў ён.  — Гэта 27 штатных адзінак. Мы скарачалі прапарцыянальна кожны аддзел і ўпраўленне. У выніку больш за ўсіх пацярпела ўпраўленне кінамастацтва, менш за ўсіх — упраўленне мастацтваў і эканамічнае ўпраўленне”.

Таксама кіраўнік галіны зрабіў акцэнт на тым, што адна з умоў правядзення аптымізацыі — гэта захаванне фонду заработнай платы. “Каб у тых, хто застаўся на сваіх рабочых месцах, была магчымасць для павышэння заробку, — адзначыў ён.  — Яго памер, у сваю чаргу, і захоўвае прэстыж прафесіі. Аптымізацыя дзеля гэтага і робіцца, каб заахвоціць людзей ісці ў культуру праз павышэнне аплаты іх працы”.

На прэс-канферэнцыі быў агучаны і памер заработнай платы работнікаў культуры. “Яна складае 61,9% ад сярэднерэспубліканскай”, — паведаміў міністр. У тэатральна-відовішчных арганізацыях сярэдні паказчык — 4 мільёны 800 рублёў. У культурна-асветніцкіх установах, да ліку якіх адносяцца музеі, — 3 мільёны 600 рублёў. “Нядаўна я наведаў Капыльскі раён. Там работнікі культуры атрымліваюць 2 мільёны 800 тысяч рублёў”, — агучыў Барыс Святлоў сярэдні памер заробку ў рэгіёнах.

“Галоўнае, што ў навіне, якая датычыцца аптымізацыі галіны, мала хто звяртае ўвагу на рэкамендацыйны характар адпаведных змен, — падвёў рысу міністр культуры. — Работа па скарачэнні штатаў аддадзена на водкуп кіраўнікам устаноў культуры, менавіта яны прымаюць рашэнне”, — абмаляваў ён агульную карціну.

Барыс Святлоў прывёў прыклад прыватнай ініцыятывы аднаго з музеяў Гродна, дзе пытанне бяспекі ў залах было прапанавана вырашыць з дапамогай камер відэанагляду, і ў гэтым выпадку падпалі пад скарачэнне пасады наглядчыц музея. “Але: кожны музей будзе вырашаць сам, прымаць гэты досвед ці не”, — падкрэсліў ён.

Тым не менш, у выпадку з літаратурнымі музеямі, якія зараз мусяць прайсці аптымізацыю, гаворка ідзе пра скарачэнне кіруючага апарата, аб’яднанне бухгалтэрый. “Буйныя ж музейныя ўстановы, такія як музеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Нацыянальны мастацкі музей, застануцца нязменнымі, і ў аніякія структуры не ўключаюцца”, — сказаў міністр культуры.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"