“Карагод шчасця” на Плошчы Зор

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Чырвоная дарожка
Аднагалосным рашэннем журы Гран-пры Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2013” быў прысуджаны польскай стужцы “Згублены горад Свіцязь”. Карціна, створаная па матывах паэмы Адама Міцкевіча “Свіцязянка”, стала плёнам васьмігадовай працы рэжысёра Каміла Полака, і, на думку экспертаў, узняла анімацыйнае кіно на новы ўзровень.

/i/content/pi/cult/446/9320/2-1.jpeg

Канкурэнцыю пераможцы складала стужка беларускага майстра Міхаіла Тумелі “Як служыў жа я ў пана”, якая атрымала ўзнагароду як “Лепшы эксперыментальны фільм”, ды іранская карціна “Кацяня” Шывы Садзех Асадзі, што была адзначана ў намінацыі “Лепшае выяўленчае рашэнне”. Прыз “Майстру” заслужана дабраўся да беларускага аніматара Алены Пяткевіч, а “Лепшым фільмам для дзяцей” была прызнана стужка латвійскага рэжысёра Эвалдаса Лаціса “Вожыкі ў горадзе”.

/i/content/pi/cult/446/9320/9-4.jpeg

Шосты “Крыштальны аловак”, лёс якога вырашала глядацкае журы, адправіўся ў Расію да рэжысёра Наталлі Бярэзавой — яе фільм “Сказ хатанскага дывана” стаў пераможцам у адмысловай намінацыі.

/i/content/pi/cult/446/9320/9-5.jpeg

“Анімаёўка-2013” прагучала яскравым акордам у палітры падзей Магілёва, які сёлета з’яўляецца Культурнай сталіцай Беларусі і Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Няглядзячы на невялікі часавы тэрмін, фестываль увабраў мноства цікавых мерапрыемстваў, сярод якіх можна ўзгадаць майстар-класы аніматараў Расіі, Украіны, Арменіі, прэзентацыю праграмы стужак-пераможцаў Міжнароднага балгарскага фестывалю анімацыйных фільмаў “Залаты кукер”, творчыя сустрэчы — з заслужаным дзеячам мастацтваў Расіі, народным артыстам Расійскай Федэрацыі Юрыем Чарновым, заслужаным артыстам Расіі Міхаілам Чарняком, беларускімі акцёрамі Уладзімірам Варанковым і Эміліяй Пранскутэ. А “карагод шчасця”, у які заахвоціў дзяцей і дарослых на сваёй імпрэзе заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, кампазітар Грыгорый Гладкоў, стаў, лічы, метафарай фестывалю.

/i/content/pi/cult/446/9320/9-6.jpeg

Ды, вядома, магіляўчане яшчэ доўга не забудуцца на яскравае адкрыццё форуму на Плошчы Зор, калі яна запоўнілася героямі славутых мультфільмаў, і ўрачысты праменад удзельнікаў фестывалю па “чырвонай дарожцы” у чымсьці нагадваў вяртанне ў дзяцінства…

Трапіць у віхуру падзей XVI Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” разам з магілёўскай публікай ды імянітымі аніматарамі пашчасціла карэспандэнту “К” Дар’і Амяльковіч. Матэрыял пра тое, якім атрымаўся сёлета гэты адмысловы форум і што за вяршыні скарае сёння сучаснае анімацыйнае мастацтва, — чытайце ў наступных нумарах.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"