“Made in...”? Дэфіцытная кашуля

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Кастусь АНТАНОВІЧ, рэдактар аддзела газеты "Культура"
Замежныя падарожжы — справа карысная ва ўсіх адносінах. Хаця б праз тое, што ў вандроўках можна пазнаёміцца не толькі з культурай пэўнай краіны, але і, што немалаважна для журналіста, з досведам па яе папулярызацыі.

Узяць хаця б тую ж Польшчу. Не сакрэт, што наша краіна-суседка зрабіла вельмі шмат у справе аднаўлення помнікаў даўніны. Але, як высветлілася пад час падарожжа, не толькі іх. Так, у адной з крам старога Любліна мой позірк спыніўся на стыльных мужчынскіх кашулях. Яны былі ўпрыгожаны надпісам на англійскай мове “Urban district”, а да ўсяго гэтага — народным арнаментам, які надта нагадваў беларускі...

/i/content/pi/cult/446/9304/4-1.jpeg

Прыгадалася, што ў свой час энтузіясты з Беларускага фонду культуры спрабавалі выклікаць у грамадстве цікавасць да льняных кашуль, упрыгожаных народным арнаментам. Або ўзяць тыя ж спробы пусціць народную культуру ў масы пад час разнастайных фестываляў моды: на жаль, усё гэта застаецца на ўзроўні цікавых, але толькі ідэй.

Чаму? Няўжо ў нас, у адрозненне ад іншых краін, зусім няма ахвотных апрануць модную, але, разам з тым, аздобленую этнічным арнаментам кашулю ці сукенку?

Напэўна, пытанне ў іншым. Сёння ў айчынных крамах, нават сталічных, цяжка знайсці модную вышыванку або стыльную кашулю, падобна да ўбачанай у Любліне. Прыгадалася нядаўняя гутарка. Прадстаўнікі беларускай дыяспары з расійскага Кургана паскардзіліся: маўляў, абышлі ледзь не ўвесь Мінск, а сучаснай вопраткі з беларускімі нацыянальнымі элементамі не знайшлі! Што тут казаць, калі нават футболку з дзяржаўнай сімволікай можна знайсці далёка не ўсіх памераў…

Вядома, калі вельмі захацець, можна звярнуцца да майстроў ды замовіць тую кашулю ў адзінкавым экзэмпляры. Толькі колькі гэта будзе каштаваць? І без даследавання рынку адкажу: нямала.

Што ж рабіць у такой сітуацыі? Падказка прыйшла пасля ўбачаных сувеніраў у адным з кіёскаў “Белпошты”. Як аказалася, вырашэнне праблемы досыць простае. Калі шматлікія беларускія фабрыкі не могуць справіцца з задачай, то, можа, давядзецца звярнуцца да прамысловасці іншых краін? Балазе, прэцэдэнт ужо ёсць: сувенірныя талеркі з барэльефам нашай Нацыянальнай бібліятэкі, побач з якой (увага!) — выява кітайскага хлопчыка ў беларускай кашулі, прадаюцца ледзь не ў кожным кіёску аператара паштовых адпраўленняў, а таксама ў гандлёвых пунктах сталіцы поруч з вырабамі беларускіх майстроў. І, дарэчы, вельмі танна.

Што ж, спадзяюся, мы ўсё ж дачакаемся стыльных кашуль з беларускім каларытам. Толькі ці будуць яны айчыннай вытворчасці?..

 

Будзем на сувязі!

Паважаныя чытачы! Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах нумара. Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, альбо на электронную скрыню kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце на facebook.com/kimpressby, vk.com/kimpressby, twitter.com/kultura_by!

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"